Дом афіцэраў у Гродне могуць рэканструяваць пад будынак грамадска-дзелавога прызначэння. Нежылы будынак з інжынернымі сеткамі, пакрыццём тэрыторыі, агароджай па вул. Ажэшкі, 30 і права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0, 3898 га прададуць з аўкцыёну 8 лістапада. СМІ палічылі, што гэта ўжо 18-я спроба прадаць аб’ект.

Дом афіцэраў - нежылы чатырохпавярховы цагляны будынак з падвалам і прыбудовай. Пабудаваны ў 1930 годзе, тамбуры з’явіліся ў 1973. Плошча — 5039,1 кв. м. Падведзены цэнтральнае ацяпленне, электра-водазабеспячэнне, каналізацыя. Частка будынка здаецца ў арэнду. Сярод арандатараў - некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый, «Эпалет» і грамадская арганізацыя «Беларускае ваенна-паляўнічае таварыства». Тэрмін арэнды — да змены ўласніка або да моманту продажу.

Пачатковы кошт — 1 259 785 рублёў. Прадавец маёмасці - Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры. Тэрмін арэнды — 50 гадоў.

Пераможца аўкцыёну абавязаны падпісаць ахоўнае абавязацельства на матэрыяльную нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць. Правесці капітальны рамонт або рэканструкцыю і ўвесці будынак у эксплуатацыю трэба на працягу чатырох гадоў. Калі ўмовы аўкцыёну не выканаюць, могуць скасаваць дагавор без кампенсацыі кошту набытай маёмасці.

Паўторны аўкцыён адбудзецца 8 лістапада 2021 года ў 15.00 па вул. 17 верасня, 39. Апошні дзень падачы заяў на ўдзел у аўкцыёне — 2 лістапада да 16.00. Арганізатар аўкцыёну — камітэт «Гроднааблмаёмасць».

Гэта першы будынак, узведзены ў Гродне ў стылі канструктывізму (1924−1926). Ён прызначаўся для ваенізаванай арганізацыі «Стралковы саюз» і называўся Дом стралка. З верасня 1939 года будынак выкарыстоўваўся як гарнізонны Дом афіцэраў. У пасляваенныя гады яго зала была адной з галоўных канцэртных пляцовак горада. У канцы 1960-х да будынка былі прыбудаваныя канцэртна-тэатральная зала на 800 месцаў, а таксама спартыўна-гімнастычны комплекс, дзе трэніравалася чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут, піша planetabelarus.by.