У Гродне стварылі гульнёвыя карты з аўтарскімі выявамі славутых асоб перыяду Вялікага Княства Літоўскага. У калодзе «Ігральныя карты ВКЛ» — 36 карт. Гэта супольны праект гродзенскай творчай студыі А4 і кнігарні oz.by.

Новы праект толькі выйшаў з друку. Ідэя такіх карт з’явілася яшчэ некалькі гадоў таму, а нядаўна знайшоўся і зацікаўлены партнёр, расказалі ў гродзенскай краме-клубе «Кубік», якая, акрамя oz.by, з’яўляецца эксклюзіўным прадаўцом карт.

Каралі, дамы і валеты ў калодзе — рэальныя гістарычныя асобны. Каралі - вялікія князі і каралі Вітаўт, Міндоўг, Гедымін, Жыгімонт Аўгуст ІІ. Дамы — Барбара Радзівіл, «беларуская Жанна д’Арк» Анастасія Слуцкая, вялікая княгіня Марта, жонка Міндоўга, дачка Гедыміна Альдона, чый шлюб замацаваў саюз ВКЛ з Польшчай. Для валетаў абралі вялікага княза Войшалка, старасту Давыда Гарадзенскага, вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага і асветніка Францыска Скарыну.

Тузы ў калодзе зробленыя як накірункі дзейнасці ВКЛ. Так, туз бубнаў - гэта кніга, асветніцтва, крэсці - манеткі Вялікага Княства, яго заможнасць, чырва зробленая ў выглядзе кароны, а піка — у выглядзе мяча і шчыта.

У краме oz.by карты з’явіліся з 18 кастрычніка. Таксама іх можна набыць у гродзенскай краме-клубе «Кубік» на Кірава, 3. Кошт калоды — 8,9 р.

Гэта не першая цікавая калода ад гэтых аўтараў. У 2017 выйшлі «Карты Лапіных» — адноўленая калода гродзенскай фабрыкі гульнявых карт. Таксама студыя распрацоўвала калоду з выявамі ўладальнікаў Мірскага замка і сувенірную калоду для завода «Крышталь», у будынку якога калісьці выпускалі карты.

Чытайце таксама: