Яўгена Дудко перавялі з пасады начальніка прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама на пасаду намесніка старшыні савета Гродзенскай абласной структуры Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства (БФСТ) «Дынама». Рашэнне замацавана загадам МУС Беларусі № 378 л / с ад 15.10.21, паведаміла прэс-служба УУС 19 кастрычніка. Хто стане новым начальнікам прэс-службы гродзенскай міліцыі, пакуль невядома.

Яўген Дудко прапрацаваў у сістэме органаў унутраных спраў 17 гадоў. Пасля тэрміновай службы ва ўнутраных войсках МУС пяць гадоў быў інспектарам па агітацыі і прапагандзе ДАІ Лідскага РАУС. Там ён прыдумаў акцыю «Дзень памяці дзяцей, якія загінулі на дарогах Гродзеншчыны». З 2010 стаў начальнікам аддзялення агітацыі і прапаганды ва ўпраўленні ДАІ Гродзенскай вобласці. З 2014 года ўзначальваў прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама, прасоўваў яе ў сацсетках, кіраваў прэс-службай і ў паслявыбарчы перыяд.

Прэс-сек, якога ведала ўся Беларусь

Афіцыйныя каментары Дудко сталі вядомыя беларусам у 2020 пасля прапаноў замест пратэстаў піць дома чай з малінавым варэннем — адсылкі да фразы Аляксандра Лукашэнкі, якая стала мемам. Чытачы заўважалі чалавека, падобнага на яго, сярод «ціхароў». У лютым 2021 Яўген Дудко даў інтэрв'ю ў жывым эфіры на радыё S13. Пасля УУС забараніла публікаваць гэты эфір. Потым Дудко здзейсніў «падарожжа ў часе»: запісаў відэа аб затрыманні галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты за два дні да ўласна затрымання. Нядаўна Яўгена Дудко прызначылі кіраўніком міні-футбольнага клуба «УУС-Дынама».

Астатні склад прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама застаўся ранейшым: там працуюць Ігар Белазёраў, Максім Базыленка і Яраслаў Васілеўскі.

Дні перастановак сярод сілавікоў

Кадравыя перастаноўкі на больш высокім узроўні прайшлі ў Беларусі 18 кастрычніка. Напрыклад, памяняўся міністр юстыцыі - ім стаў генерал Сяргей Хаменка, былы намеснік міністра ўнутраных спраў, старшыня Беларускай асацыяцыі міні-футбола. У навіне пра перамены ў кіраўніцтве КДБ на БТ постаці ўсіх сілавікоў былі заблюраныя. Вядучая тэлеканала назвала гэта «неардынарным кадравым днём». 19 кастрычніка таксама стала вядома, што намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прызначаны былы камандзір спецпадраздзялення «Альфа» Камітэта дзяржбяспекі Алег Чарнышоў. Таксама ён сем гадоў ачольваў Антытэрарыстычны цэнтр КДБ, быў намеснікам старшыні КДБ.

Чытайце таксама: Прадказваў затрыманні і выкарыстоўваў мемы. Чым запомніўся Яўген Дудко ў прэс-службе УУС