Больш за два дзясяткі грамадзян Ірака затрымалі 13 кастрычніка ў хостэле на вуліцы Маркса ў Гродне. У іх не аказалася дакументаў, якія б пацвярджалі легальнасць побыту ў Беларусі, паведаміла Аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Пра затрыманне замежнікаў 13 кастрычніка каля 13.00 паведаміла крыніца Hrodna.life. Тады ля хостэла «Сарматыя» на вул. Маркса 11 стаяў аўтазак, у які заводзілі людзей усходняй знешнасці з рэчамі.

Паводле міліцыі, праваахоўнікаў выклікала адміністрацыя хостэла. Замежнікаў - грамадзян Ірака — даставілі ў Ленінскі РАУС, каб праверыць выкананне міграцыйнага заканадаўства. Дакументаў, якія б пацвярджалі легальнасць знаходжання ў Беларусі, у іракцаў не аказалася. У выніку іх вышлюць за межы Беларусі, у краіну, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца, паведамляе міліцыя.

Замежнікі з краін Бліжняга Усходу пачалі з’яўляцца ў Гродне масава з ліпеня 2021. Іх часта можна пабачыць у цэнтры горада, у крамах і ў ваколіцах хостэла на Маркса, а таксама на Фолюшы. Чытачы Hrodna.life паведамлялі, што бачылі мігрантаў каля гасцініцы «Славія» на Маладзёжнай, каля гасцініцы «Сямашка» на Антонава, а каля гандлёвага цэнтра «Карона» іх наогул бачылі ў бусе на мінскіх нумарах.

Акрамя іракцаў журналісты Hrodna.life сустракалі ў Гродне грамадзян Сірыі і Нігерыі. Апошнія ў прыватных размовах пераконвалі журналістаў, што прыехалі вучыцца і плануюць заставацца ў Беларусі 3−4 гады.