Палата прадстаўнікоў 4 кастрычніка прыняла новы праект закона «Аб турызме». Асноўныя новаўвядзенні тычацца абавязковай атэстацыі экскурсаводаў і фінансавай адказнасці тураператараў перад турыстамі.

Дзейны закон быў прыняты ў кастрычніку 1999 года, апошні раз абнаўляўся ў 2016-м. У траўні 2020 года Савет міністраў унёс на разгляд у Палату прадстаўнікоў праект новага закона. Ён павінен забяспечыць больш поўнае і сістэмнае рэгуляванне сферы турызму, а таксама лепш абараняць інтарэсы кліентаў турфірм.

Што новага будзе ў законе «Аб турызме»

Згодна з законапраектам, праводзіць экскурсіі на тэрыторыі Беларусі будуць мець права толькі экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, якія прайшлі прафесійную атэстацыю і маюць пацвярджэнне сваёй кваліфікацыі. Аўдыягіды, якія выкарыстоўваюцца падчас экскурсій, таксама мусяць прайсці атэстацыю і далейшы ўлік.

У новы закон увялі механізм фінансавага забяспячэння адказнасці тураператараў. Гэта павінна дапамагчы кліентам без праблем вяртаць грошы за туры, якія не адбыліся.

Акрамя гэтага закон акрэслівае розніцу паміж — тураператарам і турагентам. Тураператары займаюцца распрацоўкай маршрута, а таксама прадастаўляюць пуцёўкі, квіткі і інфармацыю пра тур. Турагенты з’яўляюцца пасярэднікамі паміж тураператарамі і кліентамі.

Без атэстацыі нельга будзе праводзіць экскурсію нават для сяброў: дэпутаты прынялі новы закон “Аб турызме”
Экскурсія па гродзенскім раёне Новы свет. Фота: Hrodna.life

Што кажуць экскурсаводы

«Насамрэч, закон не дрэнны. Але шмат рэчаў не дапрацавана, таму гэта як у тумане. Дакладна не ведаем чаго чакаць. Для нас галоўны плюс, што паміж турфірмамі і тураператарамі будзе акрэсленае размежаванне», — распавёў Hrodna.life дырэктар адной з гродзенскіх турфірмаў.

Раней галоўная праблема была ў тым, што ўся адказнасць за падарожжа была на турагенцтвах. У новым законе, адказнасць перад кліентам за нявыкананыя ўмовы падарожжа размежавана і дакладна акрэслена паміж тураператарам і турагенцтвам.

Таксама згодна з законам кожны турыстычны маршрут павінен быць атэставаны. «Экскурсаводу з групай нават на 10 метраў нельга адыйсці [ад маршрута — рэд.], але гэта нерэальна. Таму экскурсаводы аспрэчваюць гэты момант».

Ці можна будзе праводзіць экскурсіі для сваякоў і сяброў

Экскурсіі без атэстацыі нельга было праводзіць і раней. Але гэта не кантралявалася. Зараз гэта замацоўваецца ў законе. «Нават калі чалавек праводзіць экскурсію для сваіх сяброў, ён павінен мець атэстацыю. Як гэта будзе кантралявацца — невядома», — кажа дырэктар адной з гродзенскіх турфірмаў.

Дырэктарка дэпартамента па турызме міністэрства спорта і турызма Ірына Варановіч заяўляла, што «асоба, якая праводзіць экскурсію, павінна разумець, якое ўяўленне пра краіну можа скласціся ў турыстаў. Нельга дазволіць скажэнне гістарычных фактаў і абразу іміджа краіны».

Без атэстацыі нельга будзе праводзіць экскурсію нават для сяброў: дэпутаты прынялі новы закон “Аб турызме”
Экскурсія па гродзенскім раёне Новы свет. Фота: Hrodna.life

«Новы законапраект не прадугледжвае абарону свайго рынку экскурсійнага абслугоўвання»

Дасюль застаецца нявызначаным, ці маюць права працаваць замежныя экскурсаводы ў Беларусі. Бо ў законе прапісаны толькі пытанні атэстацыі, наяўнасці спецыяльнай адукацыі і атэстацыі па маршруце.

«Атрымоўваецца, што замежны экскурсавод прыедзе з бэйджам, дакументамі аб тым, што ён атэставаны і не важна дзе — у Літве, Германіі, Польшчы. Ён мае права праводзіць экскурсіі ў Беларусі. Няма канкрэтнай адраснай аргументацыі, дзе павінен быць атэставаны экскурсавод для працы ў Беларусі. Гэта вельмі добрая лазейка для замежных экскурсаводаў», — распавяла Hrodna.life экскурсавод Святлана Словік.

Калі Гродна атрымаў статус «бязвіза» ў 2016 годзе, беларускія экскурсаводы падымалі пытанне працы замежных калег у Беларусі. Тады літоўскія і польскія экскурсаводы сталі самі праводзіць экскурсіі па Гродне і Гродзеншчыне.

«У краінах Еўропы, акрамя Польшчы, для правядзення экскурсіі асоба павінна быць атэставана ў той краіне, дзе збіраецца праводзіць экскурсіі, і тымі прадстаўнікамі, якія ў дадзенай краіне надзелены дадзенымі паўнамоцтвамі, — кажа Святлана. — Новы законапраект зноў не прадугледжвае абарону свайго рынку экскурсійнага абслугоўвання. На замежных экскурсаводаў няма ні сродкаў, ні механізмаў уплыву. Бо зноў жа, у новым законе не прапісаны орган, які будзе кантраляваць працу экскурсаводаў замежных альбо нават неатэставаных».