Музей тэхнікі, які спрабавалі пабудаваць у 2013 годзе, прададуць з аукцыёна 8 лістапада. Лот апісваюць як «незавершаны закансерваваны капітальны будынак». Ён размешчаны ў вёсцы Гневеншчына Капцёўскага сельсавета Гродзенскага раёна.

Аб’ект могуць выкарыстоўваць для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў турыстычнага прызначэння і адпачынку альбо для размяшчэння аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння.

Зараз аб’ект належыць Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею. Тэрмін арэнды зямельнага ўчастка плошчай 2, 0001 га складзе 50 гадоў. Пачатковы кошт аўкцыёну — крыху больш за 200 000 рублёў. Арганізатар аўкцыёну — камітэт «Гроднааблмаёмасць».

Што планавалася на гэтым месцы?

Пабудаваць музей тэхнікі пад адкрытым небам вырашылі ў 2013 годзе. Гэтую ідэю прыпісвалі тагачаснаму старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёну Шапіру. Там планавалася размясціць савецкую сенаварушылку, старадаўнія колавыя калёсы, камбайн на гусенічным хаду, аўтамабілі-рарытэты, першы айчынны МАЗ, мотакаляску. Шукалі транспартныя вазы на драўляным хаду, конныя касілкі, малатарні і іншыя віды старой тэхнікі, абсталявання. З гэтым прасілі дапамагчы насельніцтва і сельгасарганізацыі. Аднак Сямён Шапіра праз год пайшоў на павышэнне, і пра музей больш не казалі.

Па дакументах аб’ект быў гатовы толькі на 6%. Зараз на вонкавай плошчы ў 2980 кв. м. толькі бетонны падмурак.

Аб’ектам цікавіўся Дзяржкантроль

У 2018-м годзе пра аб’ект успомніў Дзяржкантроль. «На яго будаўніцтва з кастрычніка 2013 года было выдаткавана каля ста тысяч долараў. Але далей пляцоўкі і бетонных канструкцый справа не пайшла. Некалькі гадоў тэрыторыя будоўлі зарастае хмызняком», — казалі у сюжэце «Белтэлерадыёкампаніі». Аб выніках праверкі не паведамілі.

У канцы верасня 2021 года павінен быў адбыцца першы аўкцыён, аднак на яго ніхто не прыйшоў, таму ў пачатку лістапада пройдуць чарговыя таргі. Тады аб’ект каштаваў у два разы даражэй, паведамляе «Вечерний Гродно».