Статыстыка здарэнняў на «Гродна Азот» не змянілася, а паведамляць пра іх сталі часцей, бо пайшлі насустрач грамадскасці, распавёў дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка. Карэспандэнтка Hrodna.life датэлефанавалася да яго на прамую лінію і спытала аб аварыйных спыненнях, 300 вакансіях і дыверсіях, якія рыхтаваліся на «Гродна Азот».

Аб спыненнях у цэхах паведамлялі ў красавіку, жніўні і лістападзе 2021 года. Прачытаць аб здарэннях можна ў карпаратыўным выданні «Гродненский химик». Там пішуць, што адбылося, што ліквідавана і што сітуацыя небяспекі для насельніцтва не ўяўляе і знаходзіцца пад кантролем, пракаментаваў дырэктар.

 — Як дырэктар завода вам кажу: у мяне ёсць статыстыка, за намі наглядае пракурор, Дзяржатамнагляд. Прадпрыемства складанае — вельмі шмат прыборнага парку. Таму здарэнні адбываюцца. Проста раней увага грамадскасці менш да гэтага прыцягвалася. Статыстыка ж практычна нязменная. Цяпер мы ўжо самі, ідучы па насустрач пажаданням працоўных, публікуем ўсе факты. Пра гэта можна прачытаць не толькі ў нашым «Гродзенскім хіміку», але і на сайце. На сайце заўсёды аператыўная інфармацыя. Калі б штосьці выходзіла за межы, уяўляла пагрозу жыццю і бяспецы людзей, аб гэтым паведамілі б па радыё або ў іншых крыніцах дзеля захавання бяспекі і камфорту грамадзян. Таму няма падставы хвалявацца.

«Пахістаць свядомасць, усяліць няўпэўненасць»

 — Як вы тлумачыце павышанную цікавасць да прадпрыемства?

 — Камусьці хочацца прыцягнуць да гэтага ўвагу. Хто больш за ўсё спрабаваў прыцягнуць увагу да «Азоту»? У мяне «дзяржаўная» версія. Звярніце ўвагу: губернатар на гэта звяртаў увагу, Дзяржпраматамнагляд, МНС? У нас жа цэлыя дзяржаўныя інстытуты, якія суправаджаюць дзейнасць такіх прадпрыемстваў. А вось хто спрабаваў прыцягнуць? […] За кухонныя размовы, «стачкамаўскія» я не адказваю. Там людзям няграматным хочацца пахістаць свядомасць, усяліць няўпэўненасць. Адказваю, што ў нас працуюць прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу і выконваюць працу. Больш таго, магу вам сказаць, як чалавек, які працаваў кіраўніком нашай галіны [Ігар Ляшэнка узначальваў канцэрн «Белнафтахім» — Hrodna.life], не толькі гэтага завода, колькасць здарэнняў на нашым заводзе ў параўнанні з любымі іншымі заводамі ў Польшчы, Літве, Галандыі, Расіі, Украіне, не большая — нават меншая.

Па статыстыку здарэнняў дырэктар прапанаваў звярнуцца асабіста і адмовіўся прадастаўляць яе па тэлефоне.

Аб вакансіях і дыверсіях

У ліпені 2021 года на заводзе паведамілі пра 300 вакансій. Як іх адсутнасць паўплывае на працу?

 — Усе вакансіі, якія неабходныя для стабільнай працы завода, закрытыя. А мы вядзем у тым ліку пошук вакансій, якія для нас з’яўляюцца падрыхтоўчымі для наступных. Таму гэта нармальная бягучая праца. Маючы на пляцоўцы «азоту» 7000-ы калектыў, 300 — гэта абсалютна нармальная абстаноўка. Турбавацца трэба суіскальнікам — таму што патрабаванні мы сёння вылучаем вельмі высокія.

Сярод іншага, Ігар Ляшэнка параіў гродзенцам атрымаць тэхнічную спецыяльнасць і не ехаць у іншыя краіны «на трускаўку» або ў дальнабойнікі.

На пытанне аб дыверсіях, якія прадухілілі на прадпрыемстве, Ігар Ляшэнка адмовіўся гаварыць і прапанаваў прыйсці асабіста, паколькі інфармацыя «не падлягае агалосцы па тэлефоне». Ён адзначыў, што праца ў гэтым накірунку яшчэ праводзіцца.

Чытайце таксама: «Промышленный экстремизм». В КГБ прокомментировали задержания заводчан и стачкомовцев