Зменшыць страты прадпрыемства за кошт прыпынення выплатаў супрацоўнікам вырашылі падчас нарады генеральнага дырэктара “Гродна Азот” Ігара Ляшэнкі з прадстаўнікамі “АзотСпецТранс”. Пра гэта 29 верасня паведаміла карпаратыўнае выданне прадпрыемства “Гродзенскі хімік”.
“Рашэнне па прыпыненні некаторых выплатаў было прынята сумесна з працоўным калектывам, а таксама камісіямі прафкама і прафсаюза, – распавёў Hrodna.life выконваючы абавязкі дырэктара “АзотСпецТранс” Сяргей Антонаў. – Мы падпісалі адпаведны пратакол – не адмяняем выплаты, а толькі прыпыняем на нейкі час”.
Па словах Антонава, для прыпынення выбралі толькі тыя выплаты, якія зараз рэдка выкарыстоўваюць. “Зараз у нас няма жанчын, якія сыходзяць у адпачынак па дагляду за дзіцём. Таксама, за апошнія два месяцы ў нас не было выпадкаў смерці супрацоўнікаў. Таму асноўныя выплаты мы захоўваем”.
Якія выплаты прыпыняюць
Сяргей Антонаў лічыць, што для зніжэння выдаткаў і павелічэння прыбытку трэба часова прыпыніць выплаты:
– адзінай выхадной дапамогі ветэранам працы пры сканчэнні працоўнай дамовы;
– на арганізацыю пахавання супрацоўнікаў прадпрыемства і на пахаванне блізкіх сваякоў;
– аплочваемых сацыяльных адпачынкаў жанчынам па цяжарнасці;
– матэрыяльнай дапамогі для тых, хто знаходзіцца ў адпачынках па дагляду за дзіцём да 3-х гадоў;
– даплаты за працу ў шкодных і небяспечных умовах працы;
– на набыццё пуцёвак у санаторыі, прафілакторыі і дзіцячыя лагеры.
На думку кіраўніка, гэта добрая мера для паляпшэння эканамічнай сітуацыі: “Мы ўжо назіраем паляпшэнне сітуацыі. Таму ёсць верагоднасць, што з 1 лістапада мы зноў адновім гэтыя выплаты”, – сказаў Hrodna.life Сяргей Антонаў.
А што, так можна было?
“Калі кіраўніцтва дамаўляецца пра гэта з прафсаюзам працоўных, то па калектыўнай дамове могуць прымацца такія рашэнні”, – пракаментаваў Hrodna.life кіраўнік аддзела працы і заробка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вячаслаў Шаўцоў.
Чытайце таксама: «Гродно Азот» хочет ввести на заводе криптовалюту. Эксперт: это неуклюжая попытка обойти санкции
Чаму “АзотСпецТранс” – стратнае прадпрыемства?
На “Гродна Азот” лічаць, што стратнасць даччынага прадпрыемства “АзотСпецТранс” звязана з малой прадукцыйнасцю асобных групаў машын на аўтамабільных і чыгуначных перавозках, кепскім станам завадской чыгункі і неабходнасцю рамонта тэхнікі. Кіраўніцтва лічыць што прычына кепскага стану тэхнікі – ігнараванне работнікамі правіл эксплуатацыі.
“АзотСпецТранс” – даччынае прадпрыемства “Гродна Азот”. Яно спецыялізуецца на выкананні транспартных паслугаў, рамонце тэхнікі, мыцці аўтамабіляў. Колькасць супрацоўнікаў – каля 560 чалавек.