Да Дня народнага адзінства і Дня горада мясцовыя ўлады падаравалі Гродзенскаму аўтобуснаму парку 13 новых аўтобусаў МАЗ 203. «Рамбудаўтадар» атрымаў чатыры адзінкі спецтэхнікі. Машыны перадалі 16 верасня на плошчы Леніна.
«Чаму менавіта аўтобусы? У гродне 55 аўтобусных маршрутаў. Штодзённа аўтобусы перавозяць 96 тысяч пасажыраў. Дзякуючы адкрыццю новага моста (Усходні мост — заўв. Hrodna.life) з’явіліся новыя маршруты. Таму для зручнасці гродзенцаў і гасцей горада мы вырашылі падараваць 13 новых экалагічных аўтобусаў», — сказаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко.
Аўтобусы МАЗ-203
Нізкападлогавы аўтобус прызначаны для перавозкі пасажыраў на гарадскіх маршрутах. Выпускаецца ў 16 мадыфікацыях з рухавікамі экалагічнага стандарту Euro-5 ці Euro-6. Гэтая мадэль уключае ў сабе адкідны трап для заезда інваліднага вазка, сістэму наклона кузава, для палягчэння пасадкі ці высадкі пасажыраў, а таксама прыстасаванне для замацавання інваліднага вазка.
«Мы штогод спрабуем рабіць гораду падарункі. Бо горад жыве, развіваецца. І нам патрэбна такая тэхніка. Для таго, каб гараджане сабе адчувалі камфортна і бяспечна, перасоўваючыся аўтамабілямі ці грамадскім транспартам па горадзе. Таму набываецца такая тэхніка», — сказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой пра спецтэхніку, набытую для «Рамбудаўтадар».