Гродна 13−14 чэрвеня прыме конкурс прафесійнага майстэрства кіроўцаў тралейбусаў. У гэтым годзе да ўдзелу ў ім запрасілі кіроўцаў з абласных цэнтраў Беларусі, а таксама з Бабруйска, Санкт-Пецярбурга, Тулы, польскага Любліна і літоўскага Каўнаса, піша belta.by са спасылкай на старшыню прафсаюзнага камітэта Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення Алену Бакланову.

На пачатковым этапе канкурсантам трэба будзе прадэманстраваць тэарэтычныя веды. Яны адкажуць на пытанні аб правілах дарожнага руху, прыладах і тэхнічнай эксплуатацыі тралейбуса, правілах перавозкі пасажыраў.

Самым відовішчным стане практычны этап конкурсу. На аўтадроме кіроўцам трэба будзе выканаць некалькі аўтамабільных фігур: рух «змейкай», пастаноўка транспарту ў бокс, пад’езд да прыпыначнага пункта і лініі «Стоп», заезд у тунэльную браму і аб’езд калодзежаў. Пры кіраванні тралейбусамі будзе ацэньвацца не толькі час праходжання трасы, але і тэхніка выканання.

«Наша галоўная задача — перавозіць пасажыраў якасна і з камфортам. Таму канкурсантам важна будзе прадэманстраваць высокую культуру кіравання», — адзначыў дырэктар УГП «Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне» Віктар Шарэйка.

Па выніках усіх выпрабаванняў найлепшых кіроўцаў выберуць у камандным заліку, асабістым першынстве, у спрынце, а таксама сярод маладых кіроўцаў. У асобнай намінацыі паспаборнічаюць жанчыны-вадзіцелі тралейбусаў. Іх ва ўпраўленні працуе каля траціны. Пераможцам уручаць кубкі, медалі, дыпломы і каштоўныя прызы ад адміністрацыі Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення, прафкама і грамадскіх арганізацый. Змогуць ўдзельнікі і павысіць сваю класнасць.