Краму адкрылі ў раёне вуліцы Дамброўскага. Яна эксперыментальная: пад брэндам “Цікаvы” ад “Беларуснафты”, але не пры запраўцы, а ў жылым доме ў спальным раёне. Гэта першая прадуктовая крама такога фармату не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Беларусі, распавялі Hrodna.life у аддзеле эксплуатацыі АЗС “Беларусьнафта”. Крама працуе ўжо каля двух тыдняў.
UPD. Крама спачатку скараціла час працы да 21.00, а пасля закрылася, не прапрацаваўшы і год. Усё ж “Беларуснафта” не адмовілася ад сваёй ідэі ў Гродне: крама «каля дома» па-за АЗС у пачатку жніўня 2023 г. адкрылася ў Грандзічах-3. “Пілотны праект апрабавалі ў Гродзенскай вобласці. І атрымалі выдатны вынік,
які натхніў на адкрыццё ў Гродне яшчэ аднаго маркета па-за запраўкай” – напісалі ў прэс-службе “Беларуснафты”. Праект жадаюць пашыраць на ўсю Беларусь.
Крама размясцілася ўнутры жылога масіву, але каля ажыўленай дарожкі паміж вуліцамі Урублеўскага і Дамброўскага. Насупраць – школа, непадалёк канцавыя прыпынкі аўтобусаў.

“І спальны раён хоча есці. Ёсць дамы, дзе 20-40 кватэр у адным пад’ездзе, і пяць-шэсць пад’ездаў у доме. Калі даць людзям камфортную атмасферу, або той тавар, які ім цікавы, або цэнаўтварэнне – яны прыйдуць. “Грошыкі” ж таксама адкрываюцца не толькі ў цэнтры”, – патлумачыў Hrodna.life выбар месца намеснік дырэктара “Гроднааблнафтапрадукт” Сяргей Кнейб.
Акрамя таго, у цэнтры горада цяпер не так проста знайсці памяшканне для крамы. Магчыма, такі фармат працы будуць пашыраць. “Паглядзім, як пойдзе гэтая крама, і будзем штосьці планаваць”, – распавёў Сяргей Кнейб.
Асноўныя наведвальнікі пакуль – пенсіянеры з суседніх дамоў, распавяла прадавачка. Гэта абумоўлена месцам: Дамброўка і Фарты – немалады раён. Штодзённы прыбытак таксама пакуль невялікі. Большасць пакупнікоў прыходзіць увечары. Жыхары радуюцца, што не трэба па малако ісці ў “Санту” на БЛК.
Замест прадаўцоў у краме пакуль працуюць аператары запраўкі. Кошты не завышаныя, як звычайна на запраўках. У краме можна таксама купіць гатовую каву. На яе кошт таксама ніжэйшы за звычайны для АЗС – 2 рублі каштуе любая пазіцыя.
Пры разліку на касе дзейнічае назапашвальная картка “Беларусьнафта” – за прадукты можна часткова заплаціць бонусамі. Крама ўжо паспела ўступіць у калабарацыю з піцэрыяй у суседнім памяшканні: пры пакупцы ад 20 рублёў можна атрымаць флаер на зніжку 20% на замову піцы. Час працы крамы – з 7:00 да 23:00, без выхадных.
Папярэдні прадуктовы магазін пратрымаўся на гэтым месцы тры месяцы. Да яго памяшканне некалькі гадоў пуставала.
Кафетэрыі і рознічны гандаль пад брэндам “Заўжды цікаVа” “Беларуснафта” пачала развіваць на сваіх запраўках з 2018 года. “Беларусьнафта” спрабуе на Гродна і іншыя новыя фарматы працы. У жніўні пасля рэканструкцыі адкрылі АЗС на вуліцы Мясніцкай. Там упершыню ў Беларусі пачалі аказваць паслугу запраўкі бытавых газавых балонаў. Таксама там з’явіўся кафэтэрый, рэлакс-зона і крама.
Алкаголь шкодзіць вашаму здароўю
Чытайце таксама: «Из-за неравнодушия гродненцев» магазин «Ратушный» открылся снова
















