Сёлета на Дні горада ў Гродне пройдзе ўжо традыцыйны фестываль сыру, канцэрты ў некалькіх лакацыях, выступленні рыцараў і анімэ-праграма. На плошчы Тызенгаўза адкрыюць новую гарадскую скульптуру. Святу ў 2021 годзе нават прыдумалі асобную назву.

Дзень горада ў Гродне пройдзе пад назвай “Гродно 3D# Единство”. Гэта не тое, што вы падумалі: у 3D вырашылі змясціць словы “древний”, “дружественный” і “динамичный”. Менавіта гэтыя словы характарызуюць Гродна з розных бакоў, лічаць гарадскія ўлады.

Акрамя асноўнага дня свята, да Дня горада прымяркуюць адкрыццё памятнага знаку ў гонар пачатку будаўніцтва жылога комплексу “Пагараны-Кашэўнікі” 14 верасня, піша “Гродзенская праўда”. 16 верасня на плошчы Леніна пройдзе ўрачыстая цырымонія: горад атрымае новыя аўтобусы.

Плошчы горада і фотавыстава

Першым мерапрыемствам 18 верасня а 10:30 стане прэзентацыя выставы “Імгненні гродзенскай прыгажосці” ад аўтараў фотаклуба “Гродна” ў Гродзенскай выставачнай зале (Ажэшкі, 38).

На плошчы Тызенгаўза а 11:00 адкрыюць новую гарадскую скульптуру “Лава архітэктараў”. Яе прысвецяць архітэктарам і будаўнікам, важным для Гродна: Джузэпэ дэ Сака, Тызенгаўзу, Ёгану Мезеру і нават Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, які ў свой час актыўна ўмешваўся ў чарцяжы і ўплываў на выгляд горада.

Тамсама, на плошчы Тызенгаўза, з 10:00 да 23:00 размесціцца святочны гандаль і пляцоўка грамадскага харчавання на 1000 пасадачных месцаў.

На плошчы Савецкай з 10:00 да 19:00 пройдзе VIII Адкрыты фестываль сыру з канцэртнай праграмай.

Праграма па лакацыях

Плошча Леніна:

11:30-12:15 – урачыстае адкрыццё Дня горада. Узнагародзяць гродзенцаў, якіх уганаравалі званняў “Ганаровы грамадзянін горада Гродна”, “Чалавек года горада Гродна” і ўнеслі ў “Кнігу славы” горада. Павіншуюць бацькоў першага гродзенца, які нарадзіўся 18 верасня, і прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар Гродна. У момант адкрыцця над плошчай праляціць паветраны шар з афіцыйным дзяржаўным сцягам і гербам Гродна.

12:15-19:30 – святочны канцэрт;

19:30-23:00 – выступленні Кая Метава, гурта “Прэм’ер-міністр”, Vavan;

22:00 – феерверк, вогненнае і светлавое шоу.

Вуліца Дзяржынскага, Ажэшкі:

12:00-17:00 – «Алея творчасці» на ходніку вуліцы Дзяржынскага;

12:00-18:00 – выстава-прэзентацыя аўтамабіляў Geely і Hyundai;

12:00-17:00 – выстава гладыёлусаў з тэматычнай кніжнай экспазіцыяй (пляцоўка рэстарана “Каралеўская паляванне”).

Парк Жылібера:

12:00-17:00 – у швейцарскай даліне арганізуюць рыцарскія турніры, паказальныя выступленні па славянскіх адзінаборствах, сярэднявечныя песні і танцы, фотазоны на тэму Сярэднявечча, можна будзе пастраляць з лука і арбалета;

12:00-16:00 – “горад прафесій” для дзяцей (пляцоўка малога фантана);

12:00-17:00 – медыцынскі гарадок, парк Жылібера (алея перад Тэатрам лялек);

12:00-17:00 – інтэрактыў з лялькамі і пастаноўкай ад прафесійных акцёраў перад Тэатрам лялек;

12:00-17:00 – “Сямейны квартал” з зонамі забаў і творчымі актыўнасцямі каля большага фантана;

12:00-19:00 – на пляцоўцы летняй сцэны – лакацыя “Танцуючы горад” з канцэртам калектываў горада і вобласці, ColorFest.

Вуліца Савецкая:

12:00-20:00 на пляцоўцы моладзевага цэнтра “Гродна” выступяць кавер-гурты і пройдзе тэматычная праграма “Анімэ” з касплэй-шоў. Хэдлайнерам пляцоўкі заявілі спартыўнага каментатара і музыку Сяргея Собаля;

23:00-19:00 – лакацыя “Гуляем разам” (пляцоўка Дома прафсаюзаў).

Вуліцы Тэльмана, Калючынская:

12:00-17:00 – лакацыя, прысвечаная фестывалю культур. Тут будуць песні, танцы, музыка і кухня розных нацыянальнасцяў.

Вуліца Дарвіна (назіральная пляцоўка )

17:00-18:00 – канцэртная праграма ад арт-праекта “Ратонда-Арт”.

Рыцары, сыр і загадкавая назва. Як пройдзе Дзень горада - 2021 у Гродне (праграма)