Завод па вытворчасці ўгнаенняў, які плануюць пабудаваць у Аўльсе, прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу, паведамляе “Вечерний Гродно”. Экспертыза доўжылася сем месяцаў.

Хто і дзе будзе будаваць хімічны завод?

Пад будаўнічую пляцоўку абралі адзін з участкаў СЭЗ (Свабодная эканамічная зона – заўв. Hrodna.life) “Гроднаінвест”. Яна размяшчаецца на больш чым 4 гектарах у прамысловай зоне “Аўльс” пад Гродна, каля прадпрыемства “Тайфун”. Асноўнай сыравінай для вытворчасці будзе аміяк, які робяць на “Гродна Азот”. Плануецца, што завод будзе вырабляць 100 тысяч тон угнаенняў у год, працуючы ў няспынным кругласутковым рэжыме. Прадукцыю завода плануюць пастаўляць ва Усходнюю Еўропу (уключаючы Беларусь).

Завод будзе будаваць бельгійская кампанія “Tessenderlo Group”. Увесці прадпрыемтсва ў эксплуатацыю плануюць у 2024 годзе.

Tessenderlo Group заснавана ў 1919 годзе і ўключае ў сябе каля 100 прадстаўніцтваў у больш чым 10 краінах свету па трох асноўных накірунках: сельская гаспадарка, біа-валарызацыя, здабыча і прамысловая вытворчасць. Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Бельгіі.

Што будуць вырабляць на новым заводзе?

На новым хімічным заводзе плануецца выпуск вадкіх угнаенняў Thio-Sul(r). Пад такой назвай будзе выпускацца тыасульфат амонія (ATS), які выкарыстоўваюць пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Такія ўгнаенні кампанія прадае ў Прыбалтыцы і ва Украіне. Гэта прадукцыя выкарыстоўваецца ў фермерскіх гаспадарках, бо дазваляе атрымаць прыбытак да 150 еўра з аднаго гектара зернавых.