Вадзіма Ермашука (Vadimati) затрымалі 16 жніўня паводле адміністрацыйнага артыкула. Перадачу ў Шчучынскім ізалятары не прынялі, дазволілі перадаць толькі цёплыя рэчы. 17 жніўня павінен адбыцца суд. Гродзенка Ульяна Ляскевіч распавяла Hrodna.life, як яго затрымалі. Яе выклікалі ў суд сведкай.
UPD 23.20. Дома ў блогера праходзіць вобшук ці агляд. Ён – разам з сілавікамі.
UPD 18.45. Суд будзе заўтра ў 15.00.
Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня і даставілі ў Шчучынскі РАУС. У Шчучын ён паехаў здымаць відэа пра скейт-пляцоўку. Верагодна, сілавікі атрымалі доступ да яго тэлефона: паведамленні, якія ён атрымаў пасля затрымання, прачытаныя, але ён на іх не адказаў, распавяла Ульяна Ляскевіч. Некаторыя звязалі яго затрыманне з адной з апошніх сторыс у Instagram, дзе ён выказаўся пра чырвона-зялёны сцяжок, які прадаецца на запраўцы, і назваў яго “анучкай”.
Читайте также: Гродненского блогера Vadimati задержали в Щучине на 72 часа
Паехалі здымаць скейт-пляцоўку, апраўдваліся за “масавае мерапрыемства”
Вадзім і Ульяна з праектам “Неудобный город” вырашылі падняць пытанне скейт-пляцоўкі ў Гродне. 12 жніўня па гэтым пытанні яны схадзілі на прыём у Гродзенскі гарвыканкам. Потым вырашылі вывучыць працу скейт-пляцовак у рэгіёнах. 16 жніўня Вадзім, Ульяна і яшчэ адна сяброўка, якая папрасіла не называць яе ў тэксце, адправіліся ў Шчучын.
Прыехаўшы на скейт-пляцоўку ў Шчучыне, яны нават не паспелі пачаць здымку. Неўзабаве да іх прыйшлі іншыя тры міліцыянты. Ульяна запомніла, што сярод іх быў падпалкоўнік, супрацоўнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў і ўчастковы.
Міліцыянты цікавіліся, што яны здымаюць, казалі аб «масавым мерапрыемстве». Папрасілі паказаць дакументы – гродзенцы пайшлі да свайго аўтамабіля па іх. Пасля праверкі дакументаў гродзенцаў падзялілі (дзяўчаты былі ў адным міліцэйскім аўтамабілі, Вадзім – у іншым) і адвезлі ў РАУС, якое знаходзілася праз 200 метраў. На пытанні “па якой справе мы праходзім, у якім мы працэсуальным статусе, ці патрэбны нам адвакат?” супрацоўнікі міліцыі не адказвалі.
Агляд аўтамабіля і дача тлумачэнняў
Дзяўчатам правялі асабісты дагляд і ўзялі тлумачэнні, дзе яны выступалі сведкамі. Усіх апытвалі паасобку. Міліцыянты цікавіліся, навошта яны прыехалі ў Шчучын, як ставяцца да дзяржаўнай сімволікі, як да яе ставіцца Вадзім. Пры гэтым апытваным не зачыталі іх правы, не папярэдзілі аб вядзенні аўдыё- і відэазапісу, не прапанавалі абаронцу, не сказалі пра тое, што яны могуць не сведчыць супраць сябе.
Пасля апытання міліцыянты правялі агляд аўтамабіля. На пытанні пра лёс Вадзіма дзяўчатам у міліцыі не адказалі. 17 жніўня стала вядома, што яго будуць судзіць паводле адміністрацыйнага артыкула.
Хто такі Vadimati
Вадзім Ермашук – Instagram-блогер і прадавец на рынку “Карона”. Актыўна займаецца рэкламай мясцовага бізнесу. 27 кастрычніка 2020 года яго асудзілі на штраф у 20 базавых велічынь (тады – 540 рублёў) у судзе Кастрычніцкага раёна за марш гродзенцаў 30 жніўня. Вадзім выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па “палітычных” працэсах. Называе сябе “народным дэпутатам” і здымае ў гэтым вобразе відэа.
Чытайце таксама:



