Дзяржаўны Гістарычны музей Масквы гатовы перадаць частку архіваў шэрагу цэркваў Мінскай і Гродзенскай епархій. У асноўным гэта метрычныя кнігі Гродзенскага Сафійскага Сабора. У фондзе знаходзіцца 80% каштоўных і дасюль згубленых дакументаў. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў гісторык Аляксей Бялецкі.
Можна будзе аднавіць радаводы 70% праваслаўнага насельніцтва Гродна
“Дакументы, якія знаходзяцца ў гістарычным музеі Масквы – ўнікальныя. Яны лічыліся страчанымі, таму ўдвая прыемней выявіць іх праз доўгі час”, – распавёў Hrodna.life гісторык Аляксей Бялецкі. – “Склад дакументаў разнастайны. Яны дазваляюць не толькі аднавіць радаводы большасці жыхароў Гродна, так як каля 70% праваслаўнага насельніцтва горада наведвала галоўны сабор, але і прасачыць рэлігійнае і штодзённае жыццё Гродна і іншых гарадоў, мястэчак і вёсак. Гэта дазволіць выявіць для гісторыі некаторыя адметныя імёны, раскрыць невядомыя раней гістарычныя падрабязнасці”.
Дакументы “развальваюцца на вачах”
Дакументы, якія Гістарычны музей Масквы гатовы перадаць, ў вельмі кепскім фізічным стане – “развальваюцца на вачах”. Як паведамляе Аляксей Бялецкі – “Па словах дырэктара Нацыянальнага Гістарычнага архіва ў Гродне, яны не маюць магчымасці прыняць архіў з-за адстунасці асобнага памяшкання. Бо кнігі ў грыбку і цвілі, яны могуць заразіць “здаровыя” дакументы. Тым больш адрэстаўраваць у бліжэйшыя гады дастаткова ўнушальную колькасць дакументаў сіламі аднаго-двух спецыялістаў, улічваючы цякучую працу па рэстаўрацыі не магчыма.

“Час працуе супраць нас”. Што будуць рабіць з дакументамі
Рэстаўрацыя дакументаў – працаёмкі, грошазатратны і доўгатэрміновы працэс. Ён патрабуе акрэсленых умоваў і спецыялістаў. “Такія ўмовы і спецыялісты ёсць як і ў Беларусі, так і ў Маскве, але рэсурсаў ні там, ні там не хапае. Прыярытэты могуць адрознівацца, а пакутуюць, ў выніку, дакументы”, – распавёў Аляксей.
Акрамя гэтага, не проста ў кароткі тэрмін юрыдычна правільна аформіць афіцыйную междзяржаўную перадачу дакументаў. Зараз чальцы “Архіўнага дазора” ад Беларусі вядуць перамовы.
“Час працуе супраць нас. Таму першачарговай задачай мы паставілі не факт перадачы дакументаў, а рэстаўрацыю, алічбоўку і перадачу лічбавых копій ў навуковыя ўстановы Беларусі.
Якія дакументы гатовы перадаць
Дакументы Гродзенская Сафійскага Кафедральнага сабора (Фара Вітаўта):
- Метрычныя кнігі за 1810-1816, 1836-1857, 1859-1863, 1865-1869, 1872-1878, 1880, 1882, 1913-1915 гг.,
- Шлюбныя вобшукі за 1879-1895, 1899-1910 гг.,
- Спавядальныя распіскі за 1898, 1899, 1904, 1907-1911 гг.,
- Кліравыя ведамасці за 1901, 1903, 1907, 1909-1912, 1914 гг.,
- Аб прыяднаўшыхся іншаверцах за 1839-1864 гг.,
Таксама не меньш каштоўныя:
- Метрычныя кнігі Дараўскай 1835-1880, 1902-1915гг., Адахаўскай цэркваў Навагрудскага ўезда;
- Дараўскага касцёла 1734-1834 (аб памерлых), 1768-1834 (шлюбныя), 1724-1764, 1768-1794, 1810-1834 (аб нарадзіўшыхся);
- Спісы прыхаджан Дараўскага касцёла: 1734 г., кан. XVIII ст., 1820-х гг., Дараўскай царквы 1900-1915 гг.,
- Шлюбныя вобшукі Дараўскай царквы: 1843-1895, 1901-1915 гг., Дараўскага касцёла: 1785-1842 гг.,
- Кліравыя ведамасці Дараўскай царквы за 1843-1877 гг.


