З 26 ліпеня зноў можна купацца на Юбілейным возеры і ў Нёмане ў зонах адпачынку ўрочышча Ласосна і базы адпачынку «Прывал». Зараз вада там адпавядае нарматывам.

Раней на гэтых пляжах было забаронена купацца, бо вада не адпавядала гігіенічным нормам. Сітуацыя палепшылася: па выніках даследаванняў пробаў вады, адабраных 16 ліпеня і 20 ліпеня, яна адпавядае нарматывам. З 26 ліпеня на пералічаных вадаёмах зноў можна купацца, расказала «Гродно Плюс» Марына Каршун, лекарка-гігіеністка аддзялення камунальнага здароўя Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Таксама для купання ў Нёмане абсталяваны цэнтральны гарадскі пляж і пляж у Пышках.

Чытайце таксама:

16 ліпеня са 101 узятых у вобласці пробаў вады не адпавядалі гігіенічным нарматывам 12 пробаў, паведамляў «Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» 16 ліпеня. Прапанавалі абмежаваць купанне дзяцей у двух сажалках у Слоніме, на пляжы ў Ласосна ў Гродна і на базе адпачынку «Прывал» Гродзенскага раёна; прыпыніць купанне дзяцей і дарослых у зоне адпачынку на возеры Свіцязь Навагрудскага раёна і забараніць купанне дзяцей і дарослых і заняткі водным спортам у зоне адпачынку возера Юбілейнага ў Гродна.