Галоўнага рэдактара і дырэктара Hrodna. life Аляксея Шоту выклікалі 20 ліпеня ў Ленінскі РАУС па пытанню тэхнікі, якую забралі з рэдакцыі падчас агляду ў студзені. Падчас візіту яго выклікалі ў пракуратуру. Там ён падпісаў папярэджанне, у якім пералічылі артыкулы КаАП і КК, якія могуць пагражаць рэдакцыі ў выпадку працягу працы ў тым жа фармаце.

Аляксея на 17.00 выклікаў супрацоўнік РАУС Андрэй Пігульскі, які неаднаразова ўдзельнічаў у судовых разглядах над Hrodna.life.

Тэхніку вярнулі

Аляксея Шоту адпусцілі з РАУС праз дзве гадзіны. Яму вярнулі ўсю канфіскаваную ў студзені тэхніку. Яе забралі падчас агляду па справе аб экстрэмісцкіх матэрыялах. Па рашэнні суда канфіскавалі ноўтбук, а па іншай тэхніцы пачалі асобную праверку. Рэдакцыя атрымала назад пяць фотакамер, дрон з планшэтам, стэдыкам, тэлефон, дыктафон, флэшкі, грошы і іншыя канфіскаваныя яшчэ 29 студзеня рэчы. Канфіскаваныя часопісы, настольныя гульні і календары былі знішчаны.

Папярэджанне ад пракурора горада

Падчас візіту ў міліцыю Аляксея запрасілі таксама да пракурора горада Уладзіміра Клішына. Там ён атрымаў папярэджанне аб адказнасці за парушэнне арт. 23. 5 КаАП, арт. 198−1, арт. 361 і арт. 361−4 КК.

Што нам пагражае?

Гэта артыкулы за парушэнне закона аб СМІ, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Па гэтых артыкулах пагражае адказнасць ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў.

Пераслед Hrodna. life

Першы суд за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў адбыўся 19 сакавіка. Тады суд Ленінскага раёна прысудзіў рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоту штраф у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) — як прадстаўніку арганізацыі - і 25 базавых велічынь (725 рублёў) — як фізічнай асобе. Гродзенскі абласны суд 26 красавіка пакінуў у сіле рашэнне раённага. Выплаціць штраф у 11 600 рублёў у растэрміноўку на шэсць месяцаў рэдакцыі не дазволілі.

18 чэрвеня Hrodna.life прысудзілі другі штраф. Цяпер ён максімальна магчымы — 14 500 рублёў. У рэдакцыі ёсць яшчэ некалькі тыдняў, каб выплаціць яго.