Гродзенскі абласны суд 13 ліпеня разгледзеў скаргу ТАА «Гродна Лайф Медыя» на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна. Разглядаў скаргу суддзя Віталь Кулеш. Ён пакінуў у сіле рашэнне, згодна з якім рэдакцыя Hrodna.life мусіць заплаціць штраф 14 500 рублёў.

Буйны штраф прысудзіла рэдакцыі 18 чэрвеня суддзя Ганна Леусік. Згодна з яе рашэннем, рэдакцыя нібыта адмыслова распаўсюдзіла фотаздымак з канала, які ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Дырэктар і галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота ў скарзе звяртаў увагу не тое, што раённы суд аднабакова і неаб’ектыўна разгледзеў справу. Між іншым, з парушэннямі былі аформленыя некаторыя дакументы: пратакол затрымання Шоты, пратаколы апытанняў, пратакол вопісу арыштаванай маёмасці. У судзе Аляксей дадаткова адзначыў, што фотаздымак, які міліцыя палічыла распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў, рэдактар сам выдаліў у той жа дзень, задоўга да суду. А значыць, намеру парушаць закон у журналістаў не было. Аднак гэтыя факты на рашэнне абласнога суду не паўплывалі.

Рашэнне ўступіла ў сілу, на сплату штрафу рэдакцыя мае месяц.

Якія суды перажыла рэдакцыя Hrodna.life за апошнія паўгода

За першае паўгоддзе 2021 года рэдакцыю Hrodna.life двойчы судзілі за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 г. і арт. 19.11 КаАП у рэдакцыі 2021 года).

Першы суд адбыўся 19 сакавіка: тады фірму аштрафавалі на 400 базавых велічынь (11 600 рублёў), а Аляксея Шоту як фізасобу — на 25 базавых (725 рублёў). Таксама канфіскавалі адзін ноўтбук. Рэшта тэхнікі, якую вынялі з рэдакцыі яшчэ 29 студзеня, дагэтуль не вернутая, па ёй нібыта ідзе праверка. Абласны суд пакінуў гэтыя рашэнні без змен, фірма і Аляксей цалкам сплацілі штрафы.

У чэрвені рэдактара спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік асудзілі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) — таксама за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда Ірына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. Ёй забаранялі сядзець у дзённы час, яна адмовілася ад ежы.

Чытайце таксама: Под сакурой и с принцессой. Ирина Новик — о гродненской тюрьме и «лечебном» голодании на сутках