Тры крымінальныя справы за абразу прадстаўніка ўлады і адно — за «блюзнерскае стаўленне» да сцяга разглядаюць у Гродне. Тыдзень адзначыўся «зачысткай» і ціскам на журналістаў і актывістаў. У тым ліку і на Hrodna.life — наш Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім. Мы вывучылі, як прайшоў тыдзень з 5 па 11 ліпеня ў Гродне і вобласці.
17-гадоваму жыхару Смаргонскага раёна інкрымінавалі здзек над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК). Пракуратура накіравала справу ў суд. Хлопца адправілі «пад нагляд».
Паводле версіі абвінавачвання, 29 траўня 2021 года, а 23.30 хлопец «наважыў прадэманстраваць сваё абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнага сцяга і сарваў яго з фасада будынка Жодзішкаўскай сельскай бібліятэкі».
Гарадскія ўлады рэкамендавалі праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Каложскім парку і лесапарку Румлеўскі. Акрамя гэтага, Гродзенскі гарвыканкам прама забараніў правядзенне масавых мерапрыемстваў на плошчы і вуліцы Савецкай, плошчы Леніна і ў парку Жылібера.
Месцы правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаны ў адпаведнасці з абноўленым законам «Аб масавых мерапрыемствах». Рашэнне гарвыканкама № 460 апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 ліпеня.
З 6 ліпеня праводзіцца першы этап комплекснай праверкі тэрытарыяльнай абароны Гродзенскай вобласці. Падчас праверкі мясцовыя органы ўлады Мастоўскага раёна сфарміруюць штаб тэрытарыяльнай абароны і асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў.
Падчас камандна-штабнога вучэння тэрытарыяльныя войскі разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў на практыцы адпрацуюць пытанні аховы важных аб’ектаў і барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка.
На базе Мастоўскага РАУС сёлета адкрылі летні аздараўленчы лагер «Навабранцы».
Школьнікі прымерылі на сябе экіпіроўку міліцыі, пабывалі ў музеі УУС і музеі турмы № 1 у Гродне, а таксама ля Кургана Славы. Дзяцей навучалі, як дзейнічаць пры масавых беспарадках і як прымяняць прыёмы самаабароны.
16 чэрвеня пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальную справу па артыкуле 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» у дачыненні да 53-гадовага жыхара Слоніма.
Мужчына абразіў прадстаўніка ўлады ў групе ў «Аднакласніках». Падазраваны прызнаў віну і сказаў, што быў у не зусім адэкватным стане і не аддаваў сабе справаздачу.
Затрымалі гродзенца, які ў студзені 2021 года ў Telegram-канале, прызнаным экстрэмісцкім, размясціў абразлівы каментар у дачыненні да ўчастковага Ленінскага раёна Гродна.
Падазраваны сваю віну прызнаў і раскаяўся. Ён — падазраваны па арт. 369 КК, цяпер знаходзіцца ў ізалятары.
8 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд ўрачу ультрагукавой дыягностыкі Алены Фадзеевай. Яе абвінавацілі ў «знявазе прадстаўніка ўлады» па артыкуле 369 КК.
Суддзя вынес прысуд: 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Таксама лекар павінна будзе заплаціць абражанаму 900 рублёў. Яе тэлефон канфіскавалі «як сродак здзяйснення злачынства».
Раней, 7 лістапада 2020, Алена Фадзеева ўдзельнічала ў акцыі медыкаў каля гарадской клінічнай бальніцы № 1. За гэта ёй прысудзілі штраф па арт 23.34 КаАП. У сакавіку 2021 года доктара звольнілі з дзіцячай паліклінікі, паведамляе Telegram-канал «Белые халаты».
Гродзенскі абласны суд працягвае разглядаць крымінальную справу 29-гадовага Леаніда Герасімлюка. Яго абвінавачваюць у публічных закліках да гвалту і здзяйснення актаў тэрарызму. Нібыта ён размяшчаў іх у кастрычніку-лістападзе 2020 года ў адным з публічных Telegram-чатаў і ўчыняў іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 артыкула 361 КК).
Справу разглядае суддзя Уладзімір Яўхута, дзяржабвінаваўца — Анжаліка Клішына. Леаніда Герасімлюка затрымалі 25 лютага і змясцілі ў СІЗА № 1 Гродна. Сваёй віны ён не прызнае. Па яго словах, пры затрыманні яго збілі.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…