Арганізатары фестываля “SunDay” другі год запар адмяняюць падзею. Прычынай адмены ў 2020 годзе быў COVID-19. Сёлета дадалася праблема закрытых межаў. 

Фестываль “SunDay” -  2021 не адбудецца, але аўтакаляндар з дзяўчатамі і машынамі выйдзе
Фестываль “SunDay”. Фота: Hrodna.life

“На наш фестываль прыязжалі госці не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны. Нажаль, з-за складанасці перасячэння межаў фестываль прыйшлося адмяніць і ў гэтым годзе, – паведаміў Hrodna.life адзін з арганізатараў фестываля Міхаіл Кунцэвіч. – “Мы спадзяемся, што атрымаеццае правесці фестываль у 2022 годзе, бо у нас усё падрыхтавана. Ёсць і праграма, і дамоўленасць з гасцямі”.

Негледзячы на адмену фестываля, арганізатары плануюць зрабіць і выпусціць традыцыйны аўтамабільны каляндар.

“Ужо распрацавана канцэпцыя і ёсць дамоўленасць з фатографам. Але не хапае інфападтрымкі. Гэты каляндар выклікае вялікую цікаўнасць у Расіі. Мінулагоднія календары мы не змаглі даставіць за мяжу, бо перадача поштай каштуе вельмі дорага”, – распавёў Міхаіл Кунцэвіч. 

Штогадовы найбуйнейшы ў Беларусі аўтамабільны фестываль “SunDay” адбываецца ў Гродне з 2010 года. Падзея збірае па некалькі тысячаў аўтааматараў з Беларусі і замежжа. Самы вялікі фестываль адбыўся у 2019 годзе.