Ілля Пячынін,Таццяна Салаўёва і Павел Салаўёў выдалі эксперыментальны купальскі міні-альбом «Заклятая кветка купальная». Рэліз альбома адбыўся у сеціве 6 ліпеня. Пачуць музыкаў у жывым выкананні можна на Купаллі у маёнтку Тызенгаўза ў Караліно 9 ліпеня. Для Hrodna.life выканаўцы расказалі, як злучалі этна і электроніку ды эксперыментавалі з новымі ролямі.
У аснове альбома – некалькі аўтарскіх вершаў, народная песня і верш Янкі Купалы, што даў назву альбому. Гэты збор выканаўцы называюць эксперыментальным. Тут у кожнага шмат самастойнай і часам нязвыклай працы – ад вакала да партый на шэрагу інструментаў.
Зрабілі за 10 дзён

“Усё пачалося з дзясятак дзён таму, калі нас запрасілі зайграць этна-сэт на купальскай вечарыне. Мяне гэта натхніла, і я напісаў купальскі верш. Ён атрымаўся файным, сам нават ганаруся”.
Салаўёў кажа, што калі прачытаў твор Іллі Пячыніну, той таксама ўзгадаў ўласны верш пра Купалле. У Таццяны Салаўёвай знайшліся ранейшыя накіды аранжыровак да купальскіх народных песень. Тады вырашылі сабраць напрацоўкі і падрыхтаваць міні-альбом. У студыі кожны з музыкантаў запісаў сваю частку праекта. Пасля Пячынін звёў іх у адзінае цэлае.
“Вынік перад вамі, – кажа Салаўёў. – Гэта не зусім “песенны” альбом. Два творы — гэта вершы, прачытаныя пад музыку. Для мяне гэта новы досвед. Я ўпершыню ў ролі як бы вакаліста”.
У працы над альбомам “Заклятая кветка купальная” бралі ўдзел:
Ілля Пячынін – верш, голас (4), флейты, гітары, электроніка, ідэя, запіс гуку;
Таццяна Салаўёва – спеў (2, 7), акустычная гітара, апрацоўка беларускай народнай песні (2), падпеўкі (6)
Павел Салаўёў – верш, голас, варганы, акарыны (6)
Ігар Адасік – уду, рэйнсцік ды інш. (2)
Ariel – голас, верш Янкі Купалы «Заклятая кветка» (1, 3, 5, 7)
Улляна Шамбакова – фота вокладкі, бэкстэйдж-фота
Зачараванасць, натхненне і дысцыпліна

Таццяну Салаўёву ідэя зрабіць альбом застала па вяртанні з працяглай паездкі. “Адразу – хутка, хутка, яшчэ хутчэй! Дэдлайн праз тыдзень!
Канешне, я запалілася. Купальская ноч для мяне – не толькі прыгожы антураж. У першую чаргу – адна з паваротных кропак прыроднага гадавога цыклу. У гэты час душа, прынамсі, жаночая, атрымлівае магчымасць выявіцца крыху паўней, крыху ярчэй”.
Па словах Таццяны, у працы давялося спалучаць творчасць з жорсткай дысцыплінай. “Акрамя досведу напаўмістычнай зачараванасці і натхнення альбом стаў для нас досведам дысцыпліны ды хуткай мабілізацыі ў сціслыя тэрміны”.
Цікавая канцэптуальная праца

“Я прачытаў верш Паўла, і ён мяне «ўставіў» рэзанансам з маімі пачуццямі”, – кажа Ілля Пячынін. – Вырашыў, што [ў аб’яднанні намаганняў] можа атрымацца цікавая канцэптуальная праца, спалучэнне этнікі і электронікі, архаікі ды мадэрну. Мы можам сумясціць той неа-фольк, які граем у рамах праекта Таццяны Салаўёвай, з маім электра-акустычным і постмадэрновым праектам «Аум!».
Меркаваннем Пячыніна праца над праектам атрымалася падобнай да зборкі калажу з полымя і вады сярод урбаністачнага хаоса з эпіцэнтрам у трансцэдэнтнай папараць-кветцы.
Чытай таксама: «Святы вечар» Ларисы Гениюш стал песней и клипом. Смотрите, какой рождественский проект сделали в Гродно
«Гроб на колесиках» принес победу гродненскому барду на «Витебском листопаде»
WELCOME TO HRODNA. Гродненцы рассказывают о любимых местах города по-английски



