Новости

Экскурсавод едзе 23 км дзеля 40 хвілін працы. У Крэве для турыстаў адкрылі адзін з найстарэйшых замкаў ВКЛ

У Крэўскім замку завяршылі кансервацыю дзвюх сценаў і ўсталявалі браму. Зараз зайсці ў двор можна, толькі папярэдне замовіўшы экскурсію са смаргонскага музея. Карэспандэнт Hrodna.life даведаўся падрабязнасці.

З 15 чэрвеня 2021 года ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі пачаў працу сектар гісторыі Крэўскага замка. Зараз трапіць ва ўнутраны двор замка можна толькі з экскурсіяй. Каб яе правесці, у Крэва са Смаргоні спецыяльна прыязджае спецыяліст, распавяла Hrodna.life навуковая супрацоўніца музея Вольга Самаркіна. Паміж Крэва і Смаргонню — больш за 20 км.

Так зараз выглядае замак:

Па нядзелях — яшчэ і аніматары, у буднія музейшчыкаў лепш падвезці

Па нядзелях экскурсіі на тэрыторыі замка праводзяць з 9.00 да 18.00 (гэта час працы музея). А вось у другі дзень яе змогуць правесці толькі калі замоўцы арганізуюць для супрацоўніка музея магчымасць дабрацца са Смаргоні ў Крэва і назад на працоўнае месца. Пакуль асобнага экскурсавода для замка няма, вакансія адкрыта.

Кошт экскурсіі для групы да 10 чалавек — 5 рублёў, ад 10 да 25 чалавек — 10 рублёў.

Замовіць экскурсію можна па тэлефоне 8 (1 592) 38 849.

Акрамя таго, па нядзелях на тэрыторыі замкавага двара можна паўдзельнічаць у майстар-класах рамеснікаў, у тым ліку каваля, пастраляць з лука, зрабіць фота ў касцюме XIV стагоддзя. Па папярэдняй замове даступная анімацыйная праграма «Цені Крэўскага замка». Усё гэта не ўваходзіць у кошт экскурсіі, а аплачваецца асобна на месцы. Аніматары і рамеснікі працуюць у замку толькі па нядзелях.

Экскурсія доўжыцца каля 40 хвілін. У яе ўваходзіць аповед пра тое, якім быў замак у старажытнасці, пра князёў - уладальнікаў замку; як у час Першай сусветнай вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту, а ў самім замку знаходзіліся ўмацаванні і агонь вялі проста па вежах; як ішла рэканструкцыя. Пасля таго, як Княскую вежу адновяць і арганізуюць у ёй музей, да экскурсіі дадасца і яна.

Для вялікіх груп экскурсіі просяць планаваць за тыдзень, але бывае, што ў прыватным парадку тэлефануюць і за дзень-два, распавяла Вольга. Тады супрацоўнікам трэба разлічыць так, каб не было накладкі паміж мерапрыемствамі ў музеі і выездам у замак.

Без экскурсіі турысты змогуць толькі пахадзіць вакол замка.
«Звонку і агляд вежы лепш, яна выходзіла за перыметр сцен», — дадае Вольга. Пакуль з пытаннямі пра экскурсіі тэлефануюць малыя групы, цікавяцца з Гродна, Стоўбцаў.

Доўгая рэстаўрацыя

Працы па кансервацыі з рэстаўрацыяй замка пачалі восенню 2017 года. Выканаўца — ААТ «Белрэстаўрацыя». Калі ў рэстаўратараў скончыліся камяні для сценаў, іх збіралі талакой праз сацсеткі. У 2017 годзе кошт працаў у замку склаў 92 284 рублёў, у 2018 — 789 435 рублёў. У 2019 годзе зрабілі перапынак праз недахоп сродкаў, у 2020 працы па аднаўленні мура працягнулі.

У 2018−2019 гадах мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук арганізоўвалі археалагічныя раскопкі на тэрыторыі гарадзішча пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка інстытута Алега Дзярновіча. Валанцёры фонду працавалі на тэрыторыі замка і суседніх аб’ектаў з 2004 года. У 2004 годзе яны закансервавалі ўваход у Вежу Кейстута (Княскую вежу). Яе першую кансервацыю правялі яшчэ польскія ўлады ў 1929 годзе.

Так мог выглядеть Кревский замок

«Зрабілі сцяну, заходнюю і паўночную, павесілі браму, наперадзе — працы ў самой вежы, — распавяла Вольга Самаркіна. — Яшчэ трэба зрабіць дзве сцяны, якія падвергліся найбольшаму разбурэнню — усходнюю і паўднёвую». Зараз аднаўленне Княжацкай вежы, у якой вырашылі стварыць музей, на этапе праектавання. Але ў планах было спачатку аднавіць сцены, распавяла Вольга. Яна спадзяецца, што працы завершаць на працягу пяці гадоў.

Найстаражытнейшы замак ВКЛ

Руіны Крэўскага замка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Гэта адзін з самых старажытных замкаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго пабудову адносяць да XIV стагоддзя, некаторыя даследчыкі лічаць часам стварэння XIII стагоддзе. У 1383 годзе з яго атрымалася ўцякчы ўвязненаму Вітаўту. Яго бацьку, Кейстута, прэтэндэнта на трон, задушылі ў замку на загад Ягайлы. 14 жніўня 1385 года там падпісалі Крэўскую унію, у выніку якой Вялікае Княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай пад пад уладай Ягайлы.

Замак прыйшоў у заняпад і быў закінуты ў XIX стагоддзі. Быў моцна разбураны падчас Першай сусветнай вайны.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025

У Беларусі распрацуюць экскурсію па храмах і могілках Воранаўшчыны

У Нацыянальным агенцтве па турызме прапануюць распрацаваць экскурсію "Па святынях Воранаўшчыны". Аўтар зможа зарабіць 2820…

23 красавіка 2025

Дом быту ў Гродне прадалі на аўкцыёне з пятай спробы

Раней Дом быту на Замкавай, 4 спрабавалі прадаць ужо чатыры разы. У час аўкцыёну, які…

22 красавіка 2025

У гродзенскіх гатэлях амаль не засталося месцаў на травеньскія святы

У Threads беларус Дзяніс выказаў здзіўленне наконт таго, што ў гасцініцах і гатэлях Гродна ўсе…

22 красавіка 2025