Гродзенскія актывісты ўзьнялі праблему праезду школьнікаў у грамадскім транспарце летам. Ужо з 1 ліпеня праезд для іх стане платным да пачатку наступнага навучальнага года. Актывісты ж заклікаюць дэпутатаў захаваць льготы на ўвесь год.

Блогер і грамадскі актывіст Віталь Богдзель, стваральнік YouTube-канала «НЕудобный город» аб праблемах добраўпарадкавання Гродна, запісаў відэа. У ім ён тлумачыць, што дзеці летам карыстаюцца грамадскім транспартам не менш актыўна, чым у час вучобы, але часта не плацяць за яго.

Гродзенскі грамадскі актывіст Ігар Банцар, кандыдат у Абласны савет дэпутатаў 2018 года, падрыхтаваў зваротак да дэпутатаў Гродзенскага абласнога савета.

У ім ён нагадаў, што ў 2017 годзе паводле рашэння Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў праезд у грамадскім транспарце для гродзенскіх школьнікаў стаў бясплатным з 1 верасня па 30 чэрвеня. Але ў абласных Саветаў дэпутатаў ёсць права дадаткова падтрымліваць вучняў пры праездзе ў грамадскім транспарце. Напрыклад, Мінскай гарадской Савет дэпутатаў зрабіў бясплатным праезд для школьнікаў у грамадскім транспарце круглы год. Трэба толькі прад’явіць кантралёрам даведку з месца вучобы ці электронную картку.

«Атрымліваецца абсурдная сітуацыя, калі ў горадзе з самым высокім прыбыткам насельніцтва, паводле дадзеных Белстата, ажыццяўляецца бясплатны праезд, а ў Гродзенскай вобласці, якая відавочна не ў лідэрах па даходах грамадзян — праезд платны», — сказана ў звароце.

Укладальнік звароту просіць на бліжэйшай сесіі Гродзенскага абласнога Савета ўнесці прапанову аб адмене Рашэння Гродзенскага абласнога Савета № 286 ад 2017/10/12 года, або аб унясенні ў яго зменаў, якія б дазволілі навучэнцам ездзіць у грамадскім транспарце бясплатна круглы год. Актывісты заклікаюць і гараджан адпраўляць падобныя звароты да дэпутатаў. Таксама прыклад звароту збіраюцца перадаць у раённыя цэнтры Гродзенскай вобласці.

Раней у Беларусі навучэнцы, студэнты, ветэраны працы ездзілі ў грамадскім транспарце з 50% ільготай, а былыя вязні канцлагераў і чарнобыльцы — бясплатна. У 2007 годзе гэтыя, і многія іншыя льготы скасавалі.

Чытайце таксама: