Грамадскія абмеркаванні і прэзентацыя праекта па рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Фламінга» адбыліся 30 чэрвеня ў Гродзенскім гарвыканкаме. Нязгодныя з павялічэннем гандлёвага цэнтра жыхары бліжэйшых дамоў на сустрэчу не прыйшлі.

“Гэта проста варварства”. У гарвыканкаме абмеркавалі рэканструкцыю гандлёвага цэнтра “Фламінга”: праціўнікі праекта не прыйшлі
Праект рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Фламінга». Фота: Hrodna.life

Абмеркаванне распачалося з выступа праекціроўшчыка. Ён распавёў пра змены, якія прынясе пашырэнне гандлёвага цэнтра. Гэта павялічэнне колькасці парковачных месцаў, новы заезд у двор з вуліцы Лізы Чайкінай, а таксама рэканструкцыя дваровых тэрыторый і стварэнне там дзіцячай і спартовай пляцоўкі.

Што кажуць жыхары бліжэйшых дамоў?

Жыхары бліжэйшых да «Фламінга» дамоў на абмеркаванне не прыйшлі. Намеснік кіраўніка Упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва Казімір Гецэвіч зачытаў зварот жыхароў дамоў № 78 і № 80 па вуліцы Соламавай: «Калі плошча павялічыцца на 2000 кв.м., гэта значыць павялічыцца аб’ём пастаўляемага тавара. Нават уявіць цяжка, колькі будуць стаяць машыны. Як адкрыць вокны на праветрыванне?»

«Дом № 80 аддзелены зялёнай зонай дрэваў. Уласнік „Фламінга“ абяцае нам арганізаваць дадатковую паркоўку для машын, але наш дом і так аточаны паркоўкамі. Навошта яшчэ адна?»

«Дому больш за 40 гадоў. Падчас будаўніцтва, 10 год таму, жыхары сутыкнуліся з праблемай шчылін у столях кватэраў. Такія праблемы могуць прывесці да парушэння цэласнасці дома. Хто можа даць гарантыі, што з нашым домам нічога не адбудзецца?»

«Гэтую рэканструкцыю можна зрабіць толькі прыбраўшы зялёную зону, але гэта проста варварства. Уся зялёная зона — гэта здароўе нашых дзяцей».

Пазіцыя ўладаў: «Горад перанасычаны гандлёвымі аб’ектамі»

«У нас сёння горад перанасычаны гандлёвымі аб’ектамі ў спальных раёнах. Што тычыцца раёнаў Грандзічы, Лідская, Магістральная, новы Фолюш. Калі ласка, ніякіх пытанняў», — заявіў намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Болтрык. З яго словаў, гандлёвых цэнтраў шмат, але не там, дзе трэба: у новых раёнах іх не хапае, у старых — ужо занадта шмат.

Улады не збіраюцца даваць згоду на правядзенне рэканструкцыі, пакуль згоды не дадуць жыхары. Маўляў, пагоршваць умовы жыцця жыхароў няма неабходнасці.

“Гэта проста варварства”. У гарвыканкаме абмеркавалі рэканструкцыю гандлёвага цэнтра “Фламінга”: праціўнікі праекта не прыйшлі
Праект рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Фламінга». Фота: Hrodna.life

Летам 2019 года ўжо планавалася рэканструкцыя гандлёвага цэнтра «Фламінга». Але пасля грамадскіх абмеркаванняў праект прызналі немэтазгодным.