Суддзяў з раённых судоў перавялі ў Гродна. Двое гродзенскіх спецыялістаў, наадварот, адправіліся ў раённыя суды. Сямёра суддзяў у Гродзенскай вобласці сышлі з працы: чацвёра — у адстаўку, яшчэ трое — па ўласным жаданні. Гэтыя звесткі апублікавалі ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2021 г. № 235 «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў».
Перастаноўкі і прызначэнні
Максім Галубовіч стаў суддзёй суда Кастрычніцкага раёна г. Гродна на пяцігадовы тэрмін, пакінуўшы пасаду суддзі суда Шчучынскага раёна. Яшчэ ў 2013 годзе ён судзіў прадстаўнікоў Саюза палякаў у Беларусі. Паводле сайта zubr.cc, выдаваў штрафы па палітычна матываваных справах.
Вадзім Дзмітрыеў, Таццяна Іванова і Уладзімір Пазняк на пяць гадоў сталі суддзямі суда Кастрычніцкага раёна Гродна. Аляксей Гецьман стаў суддзёй суда Бераставіцкага раёна, Алег Пятровіч — суддзёй суда Шчучынскага раёна. Інфармацыі пра іх у адкрытых крыніцах няма.
Суддзя Святлана Ланцэвіч стала намеснікам старшыні суда Ваўкавыскага раёна. Яшчэ ў 2009 годзе яна выносіла рашэнні па адміністрацыйным артыкуле аб несанкцыянаваных мерапрыемствах.
Віктар Сянько, які судзіў у 2017 і 2020 годзе па арт. 23.34 КаАП (у рэдакцыі 2003 года), стаў суддзёй Гродзенскага абласнога суда, вызваліўшы пасаду старшыні і суддзі суда Карэліцкага раёна.
Мікалай Сяргейка стане суддзёй суда Ваўкавыскага раёна. Да гэтага ён быў суддзёй суда Ленінскага раёна Гродна. Гэта ён не дазволіў выплаціць Hrodna.life штраф у растэрміноўку, асудзіў на штрафы гродзенскіх актывістаў падчас пратэстаў, судзіў збітага айцішніка Уладзіміра Родчанка і гісторыка Алеся Смаленчука.
Руслан Хіхол на пяць гадоў стане суддзёй і старшынёй суда Карэліцкага раёна. Ён судзіў ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Ён асудзіў «ненастаяшчага прэзідэнта» на сем сутак арышту. Таксама ён вынес чатыре гады «хіміі» Мікіту Самарыну і паўтара года калоніі - Вадзіму Плаўскага за канфлікт з Вольгай Бондаравай. На мінулым тыдні пачаў разбіральніцтва аб абразе супрацоўніка міліцыі.
Хто сышоў у адстаўку?
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2021 г. № 235 «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў» таксама прызначылі суддзяў у іншых вобласцях і Мінску. 10 суддзяў у Беларусі сышлі ў адстаўку па ўласным жаданні. Яшчэ 23 сышлі з працы на пенсію або заканчэння кантракту. Варта адзначыць, што ў некаторых суддзяў пяцігадовы тэрмін прызначэння заканчваецца ў 2022 або 2024 годзе.
Выйшлі ў адстаўку Генрых Казакевіч, суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гродна (вынес не менш за два штрафы за акцыі пратэсту), Зоя Нікольская, суддзя Гродзенскага абласнога суда (у 2019 годзе не задаволіла скаргу актывістаў на неўключэнне іх у выбарчыя камісіі), Аляксандр Давыдаў, суддзя і старшыня суда Ашмянскага раёна, Леанард Дзіўнель, суддзя і намеснік старшыні суда Ваўкавыскага раёна (вынес папярэджанне святару Аляксандру Багдану пасля малітвы аб загінулым дырэктара Ваўкавыскага музея Канстанціне Шышмакову).
Хто сышоў па ўласным жаданні?
Па ўласным жаданні сышлі Віта Страшкевіч, суддзя суда Смаргонскага раёна (судзіла актывістаў за ўдзел у акцыях пратэсту), Дзяніс Раманішка, суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гродна (на сайце zubr.cc аб вынесеным ім штрафах і сутках за пратэсты інфармацыі няма, у жніўні спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да відэааператара і музыканта Аляксандра Дзянісава і яшчэ некалькі спраў пасля пратэстаў) і Казімір Сяргей, суддзя суда Ленінскага раёна Гродна (у 2018 годзе спыніў справу грамадскага актывіста Анатоля Мышкевіча супраць гарвыканкама і Савета дэпутатаў).