9 чэрвеня ў Telegram-канале, набліжаным да праваахоўных органаў, з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Гродне актывістаў анархісцкага руху, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Размова ідзе аб 24-гадовым Аляксандры Масе і 30-гадовым Артуры Крыштаповічу. Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінуюць арт. 285 КК «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй». Гродзенцаў даставілі ў Мінск, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Бацька Аляксандра Мася пацвердзіў Hrodna.life затрыманне. Аб падрабязнасцях ён абяцаў распавесці пазней.
У Аляксандра на свабодзе засталася цяжарная жонка. Раней ён удзельнічаў у «субкультурным актывізме», быў удзельнікаў незалежнай сцэны, дапамагаў з канцэртамі. Артур займаўся эка-актывізмам. У палітыцы гродзенцы не ўдзельнічалі, распавёў Hrodna.life сябар актывістаў. Паводле яго інфармацыі, быў і трэці затрыманы ў той дзень, але пацвердзіць гэта Hrodna.life не ўдалося.
У цэлым, актывісты жывуць у атмасферы недаверу і страху. На думку крыніцы Hrodna.life, гэта працяг пераследу актывістаў з левымі поглядамі пасля затрымання ў Мінску і Брэсце.