З новага навучальнага года ў гродзенскай сярдэняй школе №36 (польская школа – заўв. Hrodna.life) адкрыюць першы клас з беларускай мовай навучання. Усе прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Польская мова стане прадметам з паглыбленым вывучэннем.
“– На фоне шэрагу недружалюбных крокаў суседніх дзяржаў мы застаемся верныя прынцыпам добрасуседства і павагі да спадчыны ўсіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць у нашым горадзе, – адзначылі ў гарвыканкаме. – Разам з тым мы больш пільна зірнулі на пытанне парытэтнасці падыходаў да вывучэння моў нацыянальных меншасцяў, у тым ліку польскай у Гародні і беларускай у Польшчы. Захоўваючы вывучэнне мовы, літаратуры, гісторыі і культуры польскага народа, у далейшым мы будзем планамерна пераходзіць да вывучэння іншых прадметаў у сярэдняй школе №36 на дзяржаўных мовах. А для навучэнцаў 2-11 класаў 36-й школы змяненняў у бягучым годзе не чакаецца” – паведамляе “Гродзенская праўда”.

Улады заўпэўніваюць, што рэформа ў польскай школе ў Гродне не датычыцца вучняў 2-11 класаў. Але гэта не азначае, што працэс дэпаланізацыі навучальнай установы не будзе распаўсюджвацца ў бліжэйшыя часы на старэйшыя класы, піша znadniemna.pl.
Моўнае пытанне ў польскай школе падымалася раней. У красавіку 2017 бацькі змагаліся супраць русіфікацыі школы. У 2014 годзе такое пытанне, паўставала ў сувязі з меркаванымі зменамі ў Кодэксе аб адукацыі, у 2012 – калі ў школе першы раз прапанавалі ствараць рускамоўныя класы.
Існуе польска-беларуская дамоўленасць, паводле якой гэта школа, пабудавана за польскія грошы, павінна выкарыстоўвацца толькі для навучання на польскай мове.
У Гродне дасюль няма ніводнай школы з вывучэннем прадметаў на беларускай мове. А беларускамоўных класаў адзінкі.



