Рашэнне аб вызваленні ад пасады архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія было прынята 8 чэрвеня на пасяджэнні сінода Беларускай праваслаўнай царквы. Пра гэта паведаміў 9 чэрвеня ў 9.29 ананімны тэлеграм-канал набліжаны да ўладаў. Афіцыйна інфармацыю падцвердзілі ў 15:30 на Афіцыйным сайце Маскоўскага Патрыярхата.
Афіцыйная версія сыходу — па стане здароўя. Пасаду Арцемія зойме епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.
Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Аляксандр Кішчанка) нарадзіўся 25 красавіка 1952 г. у Мінску. Пасаду епіскапа займаў з 1996 года. Мае рэпутацыю «празаходняга»: падтрымліваў добрыя адносіны з іншымі канфесіямі, дасылаў святароў вучыцца за мяжу, сам у 2007 годзе атрымаў ступень магістра багаслоўя ў Хрысціянскай Тэалагічнай Акадэміі ў Варшаве.
Знялі, бо асудзіў улады?
У жніўні 2020 года Арцемій асудзіў дзеянні сілавікоў і фальсіфікацыю выбараў. «Палітыкі ўсіх краін заўсёды будуць старацца падмяць пад сябе Царкву, каб Царква адпавядала патрабаванням улады заможных», — заявіў ён на пропаведзі 17 жніўня.
22 жніўня на мітынгу ў Гродне Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў бок святароў: «Вам будзе сорамна і ганебна за пазіцыю, якую мы займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе». Паводле Лукашэнкі, святары павінны «не ісці на повадзе ў адшчапенцаў» і займацца не палітыкай, а рэлігіяй.
Неўзабаве супраць Арцемія пачалася кампанія дыскрэдытацыі ў ананімных тэлеграм-каналах.
Супраць Арцемія ўжо збіралі подпісы за «русафобію»
У верасні 2020 года ў жаночым манастыры Свята-Раства-Багародзіцы ў Гродне сярод вернікаў збіралі подпісы за адхіленне Арцемія ад пасады. У звароце да мітрапаліта Веніяміна была напісана, што пад кіраўніцтвам епіскапа нібыта распаўсюджваюцца «нацыяналістычныя ідэі, заснаваныя на русафобіі», сілай насаджваецца беларуская мова і гіма «Магутны Божа», ігнаруюцца прарасійскія святары і казацтва. Але тады Веніямім рашуча забараніў збіраць якія-небудзь подпісы.