Каля сотні беларусаў сабраліся 5 чэрвеня на польска-беларускай мяжы ля памежнага пераходу «Баброўнікі». Там пачаўся намётавы мітынг, ініцыяваны камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення на чале з палітыкам Паўлам Латушкам. Акцыя была ўзгодненая з польскімі ўладамі.

У час прэс-канферэнцыі каля памежнага пераходу Павел Латушка заявіў, што пікетоўцы патрабуюць, каб ЕС паскорыў прыняцце санкцый супраць беларускіх уладаў. Таксама палітык заявіў, што беларускія ўлады павінны вызваліць палітвязняў і адкрыць наземныя межы для свабоднага перамяшчэння грамадзян.

  • Па стане на 5 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 470 чалавек.
  • Беларусь закрыла наземныя межы 21 снежня 2020 года.

«Калі патрабаванні не будуць выкананыя, то праз чатыры дні ўдзельнікі будуць блакаваць рух», — заявіў Латушка.

«Вызваліце палітвязняў і адкрыйце мяжы». На польска-беларускай мяжы пачаўся намётавы мітынг
Павел Латушка ў час прэс-канферэнцыі. Пікет на польска-беларускай мяжы. Фота: Руслан Кулевіч

Такі ж пікет 5 чэрвеня пачаўся на літоўска-беларускай мяжы ля пункту пропуску «Мядзінінкай».