3 чэрвеня прайшоў суд над Ірынай Новік, рэдактаркай спецпраектаў Hrodna.life. Яе аштрафавалі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) па адміністратыўнай справе нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да суду яна нічога не ела.
Ірыну Новік затрымалі раніцай 1 чэрвеня. Да суда яна знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання на Кірава, 1 (у ІЧУ на Гая зараз рамонт). Пра тое, калі адбудзецца суд, адвакату не паведамілі.
У камэры яна была адна. З сабой была кніжка, але яе адабралі. «Я думаю, палітычным не дазваляюць кнігі», — сказала Ірына. Сядзець днём было забаронена. На ноч — з 10 вечара да 6 раніцы — выдавалі матрац. «Калі я даведалася, што нельга нават сядзець, я адмовілася ад ежы, і з сабой у мяне нічога не было. Я б не вытрымала. У мяне і ныркі не вельмі здаровыя, і страўнік, мне было б горш».
Выязны суд адбыўся ў РАУС Ленінскага раёна. Рашэнне вынесла суддзя Алена Пятрова. Ірыну асудзілі паводле артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»).
Муж Ірыны зараз знаходзіцца ў бальніцы, каля РАУС яе сустрэлі калегі.
Аляксея Шоту, галоўнага рэдактара Hrodna.life, па тым жа артыкуле будуць судзіць пазней як прадстаўніка арганізацыі. На яго рэчы, якія забралі пасля агляду, — тэлефон, ноўтбук, тры жорсткія дыскі — накладзены арышт да выплаты штрафу. Hrodna.life ўжо судзілі паводле артыкула 19.11 — міліцыя знайшла на сайце некалькі спасылак на Telegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім. Тады нас аштрафавалі на 12 325 рублей.