Уладальніка сайта gs.by («Газета Слонімская») Яўгена Валадашчука аштрафавалі на 90 базавых (2610 рублёў) паводле абвінавачвання ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне вынеслі 1 чэрвеня ў Слонімскім раённым судзе.
Адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць») ў дачыненні газеты і сайта завялі за публікацыю на сайце ад 23 чэрвеня 2020 года матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсу, які ў кастрычніку 2020 года прызналі экстрэмісцкім. Прэтэнзіі да публікацыі з’явіліся толькі ў пачатку красавіка 2021 года. Міліцыя распачала праверку.
Спачатку ў межах справы дапыталі галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Міколу Канановіча, паведамляе «Газета Слонімская». Калі з-за мяжы ў Беларусь вярнуўся ўладальнік сайта і дырэктар прадпрыемства Яўген Валадашчук, адміністрацыйныя справы былі заведзены на яго. У выніку справу супраць ПУП «Рэдакцыя газеты «Газета Слонімская» спынілі, бо ў газеце матэрыял не друкаваўся.
Друкаваная версія газеты перастала выходзіць восенню 2020, калі ў рэдакцыі адбыўся ператрус і была канфіскавана тэхніка. 9 лістапада следчыя ўчынілі ператрус дома у тагачаснай галоўнай рэдактаркі «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук. Яна з’ехала з Беларусі, баючыся крымінальнага пераследу.
Па тым жа артыкуле зноў правяраюць Hrodna.life
У дачыненні да Hrodna.life ідзе разбіральніцтва па тым жа артыкуле 19.11 КаАП. У нядзелю, 30 траўня, міліцыя затрымала галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту. Дома ў яго правялі агляд, забралі ноўтбук, тэлефон, старыя жорсткія дыскі і парасон ў белую і чырвоную палоскі.
Рэдактарку спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік затрымалі раніцай 1 чэрвеня. Дома ў яе прайшоў агляд. Саму Ірыну Новік пакінулі ў ізалятары часовага затрымання на Кірава, 1 да суда. Меркавана, суд пройдзе 2 ці 3 чэрвеня.
Аляксея Шоту па тым жа артыкуле будуць судзіць пазней як прадстаўніка арганізацыі. На яго маёмасць наклалі арышт да выплаты штрафу.
Hrodna.life ужо судзілі па артыкуле 19.11 — міліцыя знайшла на сайце некалькі спасылак на Telegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім. Тады нас аштрафавалі на 12 325 рублёў. Тэхніку, якую забралі пры аглядзе ў рэдакцыі, не вярнулі да гэтага часу.
Чытайце таксама: