19 сакавіка Але Гарацкевіч паставілі дыягназ — анкалогія. Праз 10 дзён яна даведалася, што на яе завялі крымінальную справу. У той жа дзень, 29 сакавіка, яе дачку Галіну змясцілі ў СІЗА. Суд павінен быў пачацца ў траўні, але пасяджэнне перанеслі ўжо двойчы. Прычына — стан здароўя Алы, якая цяпер на лячэнні ў бальніцы.
«Неяк гэта ўсё за адзін раз звалілася на маю галаву», — распавяла Ала Hrodna.life. Яе абвінавацілі паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і арт. 364 КК «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Гаворка ідзе пра падзеі 6 верасня 2020 года ў Гродне.
Разам з Алай абвінавачанымі па справе праходзяць яе дачка Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз (абедзве пад вартай). У апошняй — двое непаўналетніх дзяцей, якіх яна выхоўвае адна. Зараз дзеці знаходзяцца ў яе сястры, паведамляе «Гарадзенская вясна».
На 14.00 у цэнтры Гродна быў запланаваны марш нязгодных з дзеяннямі ўладаў гараджан. Пратэстоўцы збіраліся ў шасці кропках горада, каб дайсці на Савецкую плошчу. Сілавікі блакавалі дарогі і разбівалі натоўпы, але людзі ўсё ж сабраліся ў цэнтры і ішлі ў бок Вішняўца. Там іх сустрэлі сілавікі. Адбыліся жорсткія затрыманні, пры якіх і мужчын, і жанчын душылі, цягнулі па асфальце і распылялі газ. Паведамлялі аб затрыманні непаўналетніх.
Справу разглядалі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 6 і 18 траўня. Суддзя Дзмітрый Кедаль абвясціў чарговы перанос у справе, бо Ала знаходзілася ў гематалагічным аддзяленні Гродзенскай універсітэцкай клінікі. Дату наступнага пасяджэння вызначаць, калі Алу выпішуць. На пасяджэнне 18 траўня прыйшлі каля 30 чалавек. Сярод іх былі людзі ў цывільным, падобныя да сілавікоў. Дзяўчыны пад вартай трымаюцца спакойна. Іх фота Hrodna.life не дазволілі зрабіць.
Ала — пенсіянерка, ёй 58 гадоў. Да дыягназу яна працягвала працаваць швачкай з-за невялікай пенсіі - 300 рублёў. Цяпер яна збіраецца пакінуць працу. «Зразумела, што мне ўжо не трэба працаваць — прынамсі, на такой працы, пакуль стан не прыйдзе ў нейкую норму».
Пры хваробы Алы на ранніх стадыях трэба знаходзіцца пад медыцынскім наглядам і кожныя 10 дзён здаваць аналізы. Пасля выпіскі 25 сакавіка аналізы Алы палепшыліся, але перад пасяджэннем у судзе 6 траўня яе стан пагоршыўся і 5 траўня лекар парэкамендавала ёй легчы ў бальніцу. Ала праходзіць хіміятэрапію — пакуль лячэнне ідзе добра.
У дачыненні да дачкі Алы Галіны крымінальную справу распачалі яшчэ ў лістападзе. Да 29 сакавіка яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе. У той дзень яе выклікалі ў Следчы камітэт, адкуль яна не вярнулася. 29 сакавіка прыйшлі і дадому да Алы. Паводле яе слоў, Алу не заключылі пад варту толькі з-за хваробы. Паглядзеўшы эпікрыз, падрабязнасці яе стану ўдакладнілі ў бальніцы і ў лекара.
Дачка істотна дапамагала сям'і Алы, распавяла яна Hrodna.life, хоць і жыла асобна. Таму заключэнне пад варту далося сям'і цяжка. У мужа Алы — трэцяя група інваліднасці. Двойчы ён спрабаваў прыйсці ў суд, каб убачыць дачку, але не мог гэта зрабіць з-за цяжкага стану. З сям’ёй Алы жывуць бацькі мужа, якім каля 80 гадоў, бацька мужа — «сардэчнік». Сям'і дапамагаюць сябры Галіны — ходзяць у краму, у выпадку неабходнасці прыносяць перадачы Але.
Ала і Галіна пішуць адзін аднаму лісты. Яны ідуць 9−10 дзён. «Інфармацыя ўжо неактуальная на той дзень, што я атрымліваю лісты. Бываюць лісты дэпрэсіўныя — я яе магу зразумець. Яна не хоча ўсяго пісаць, таму што і мой стан ведае», — дзеліцца Ала.
Са слоў Алы, Галіну ўсхвалявала, што суд 6 траўня не адбыўся праз шпіталізацыю мамы. «Цяпер яна думае, што я яе падманваю. На самай справе, усё не вельмі дрэнна — я не паміраю, я не прыкавана да ложка. Проста такая хвароба — яна ёсць, і не вылечваецца. Патрэбны пастаянны кантроль і пастаянны прыём прэпаратаў», — распавяла Ала Hrodna.life.
Як будзе лячыцца пасля вынясення прысуду, Ала пакуль не думае. «Як маці, пра сябе я менш за ўсё думаю. Я перажываю за дачку», — кажа гродзенка. Галіна распавяла Але ў лістах, што яе прызналі схільнай да экстрэмізму. Цяпер у суд яе прывозяць, закоўваючы ў кайданкі.
У Гродне ўжо вынеслі прысуд за падзеі 6 верасня. Уладзіміру Седзянеўскаму, Юрыю Седзянеўскаму, Жанне Захаркевіч прысудзілі тры гады абмежавання волі. Надзею Сцяпанцову прысудзілі да трох з паловай гадоў абмежавання волі. Адбываць пакаранне яны будуць у папраўчых установах адкрытага тыпу. 25 траўня ў Гродзенскім абласным судзе пройдзе разгляд іх апеляцыі.
Таксама ў Беларусі вынеслі прысуды некаторым людзям з сур’ёзнымі захворваннямі. Жыхара Гомеля Аляксея Раманава асудзілі 16 снежня 2020 года ў закрытым судзе нібыта за «абразу прэзідэнта». Нягледзячы на інваліднасць па анкалогіі, яму далі год пазбаўлення волі і накіравалі ў калонію ў Глыбокім, піша «С**бода». У Гомелі 16-гадовага Мікіту Залатарова з эпілепсіяй прысудзілі да пяці гадоў выхаваўчай калоніі за ўдзел у масавых беспарадках.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…