З лістапада 2020 года ў Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы не карыстаюцца кіслароднымі балонамі. Тут працуе сучасная кіслародная станцыя. Таксама ў бальніцы з’явіўся новы рэанімацыйны аўтамабіль, зараз закупляюцца пяць апаратаў ШВЛ.
Усё гэта — падтрымка ЕС згодна з Праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2014−2020», у якой брастаўчане ўдзельнічаюць у межах праекта «Свабодны доступ да медыцынскіх паслуг у трансгранічным рэгіёне». Партнёр брастаўчан — Аўтаномны грамадскі дэпартамент аховы здароўя ў Ласіцах (Польшча). Агульны аб’ём фінансавання склаў 1 104 148,80 еўра.
Артыкул падрыхтаваны праектам EU NEIGHBOURS east.
«Гэта вельмі важны праект для Брэста»
Каардынатар праекта дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Аляксандр Панько сапраўды зацікаўлены ў тым, каб у брэсцкіх дзяцей было якаснае медабслугоўванне — ён бацька траіх дзяцей-школьнікаў:
«Гэта вельмі важны праект для Брэста. Я хацеў, каб Брэсцкая абласная бальніца, якая абслугоўвае дзяцей усёй вобласці, мела лепшыя магчымасці для медыцынскай дапамогі дзецям. Я зацікаўлены ў гэтым і асабіста, і як прафесіянал».
Панько напісаў не адзін міжнародны праект. Як эксперт, кансультант і каардынатар з 2005 па 2021 год удзельнічаў больш як у 30 міжнародных праектах экалагічнай і сацыяльнай накіраванасці.
Ён кажа, што праекты пры падтрымцы ЕС — гэта магчымасць прыцягнуць бязвыплатныя сродкі на вырашэнне важных задач:
«ЕС фінансуе праект на 90%, астатнія 10% - сродкі беларускага бюджэту. Такая дапамога дазваляе вырашыць некаторыя праблемы, якія чакаюць сваёй чаргі. Каб напісаць добры праект, трэба мець досвед. Важна знайсці надзейнага партнёра, які разумее значнасць праекта».
Панько ведаў пра магчымасці, што адкрывае праграма трансгранічнага супрацоўніцтва, у прыватнасці пра важны яе аспект — бяспеку ў рэгіёне, і прыйшоў з ідэяй да кіраўніцтва Брэсцкай абласной бальніцы:
«Праблема здароўя на пэўнай тэрыторыі сама па сабе трансгранічная, а бяспека ў дадзеным выпадку разглядаецца з пункту гледжання задавальнення розных сацыяльных патрэбаў насельніцтва. Праект накіраваны на паляпшэнне ўмоваў аказання медыцынскай дапамогі ў прыватнасці, а глабальна — якасці жыцця.
Калі я звярнуўся да кіраўніцтва бальніцы з гэтымі ідэямі, даведаўся, што ў першую чаргу неабходна палепшыць для аказання меддапамогі. Выявілася, трэба было вырашыць пытанне з падачай кіслароду. Так з’явілася кіслародная станцыя — у праекце і ў рэчаіснасці".
Балоны з кіслародам насіць не трэба — працуе аўтаматыка
Сяргей Коўшык узначаліў дзіцячую бальніцу два гады таму, да гэтага кіраваў дарослай клінікай у Брэсце. Ён хірург, цяпер, праўда, займаецца толькі адміністрацыйнай працай. Кажа, што сумаваць па хірургіі няма калі.
Чаго вартае адно толькі будаўніцтва новага корпуса бальніцы. Ён з гонарам паказвае на будынак, у якім поўным ходам ідзе адстройванне:
«У гэты корпус пераедзе рэанімацыя, аддзяленні кардыярэўматалогіі, паліятыўных хворых, неданошаных немаўлят. Абсталяванне і будаўніцтва каштавалі мясцоваму бюджэту 46 млн рублёў. Усе аддзяленні новага корпуса будуць забяспечаныя сучаснай падачай кіслароду, таму для нас вельмі важная падтрымка ЕС, якая дазволіла абсталяваць кіслародную станцыю».
Кіслародная станцыя, на якую паводле праекта пайшло 800 тысяч рублёў, працуе з лістапада і забяспечвае ўсю бальніцу.
Патрэба ў кіслародзе значна павялічылася ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Сяргей Коўшык тлумачыць: штодня кісларод неабходны ў рэанімацыі, для апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), у аперацыйным блоку. Вядома, усе падраздзяленні бальніцы, у якіх быў неабходны кісларод, і раней былі ім забяспечаныя. Працавала старая балонавая сістэма. Яна і цяпер распаўсюджаная на раённым узроўні аказання меддапамогі. У Брэсцкай вобласці ў бальніцах карыстаюцца балонамі ў 14 з 16 раёнаў.
Але такая сістэма мае шэраг нязручнасцяў. Балоны трэба запраўляць, неабходна разлічваць іх колькасць, што пры пандэміі вельмі цяжка, захоўваць у спецыяльных памяшканнях, мець у рэзерве. Балон важыць не менш за 60 кг, яго транспартаванне патрабуе намаганняў і асаблівых мер бяспекі: кісларод знаходзіцца пад ціскам. Да таго ж дзіцячая бальніца знаходзіцца ў густанаселеным раёне — відавочна сістэму варта было замяніць.
Кіслародная станцыя размясцілася ў будынку, дзе раней захоўваліся балоны. Памяшканне адрамантавалі, паставілі абсталяванне, якое цісне паветра ў ёмістасці, аддзяляе кісларод ад іншых кампанентаў, канцэнтруе і накіроўвае яго ў падраздзяленні бальніцы, дзе ён неабходны.
Калі ў закрытым памяшканні паветра мала, яго бяруць звонку — ёсць спецыяльная вентыляцыя.
Сяргей Коўшык кажа, што сістэма дазваляе мець і рэзерв кіслароду, якога хопіць на суткі. На рэзервовыя ёмістасці пераключыць аўтаматыка.
Праца кіслароднай станцыі практычна выключае ўплыў чалавечага фактару, здымае пытанне з падвозам балонаў, пазбаўляе ад праблемы недахопу кіслароднай падтрымкі пацыентам.
«Перавагі такой сістэмы ў большай бяспецы. Ёсць магчымасць выпрацоўваць столькі кіслароду, колькі трэба, мець запас. Зручнасць абслугоўвання відавочная — няма неабходнасці транспартаваць балоны», — сказаў галоўны ўрач бальніцы. Важнасць кіслароднай падтрымкі прадэманстравала эпідэмія COVID-19.
Пандэмія ўнесла і карэктывы ў памеры фінансавання праекта, адзначыў Аляксандр Панько: «Паўгода таму праект працягнулі да 31 жніўня 2021 года. Брэст і Ласіцы дадаткова атрымалі больш за 115 тысяч еўра, за якія закупілі абсталяванне, у тым ліку сродкі індывідуальнай абароны для медперсаналу, стэрылізатары і бактэрыцыдныя апрамяняльнікі (абеззаражваюць паветра). У Брэсце плануецца закупіць у межах праекта пяць апаратаў ШВЛ».
Гэтыя апараты да ўсяго вельмі патрэбныя для паліятыўнай дапамогі дзецям, паляпшэнне якасці якой — яшчэ адзін кампанент праекта.
Колькасць паліятыўных дзяцей расце
Дзяцей на паліятыўным уліку ў цэлым па краіне ўсё больш. Часцей за ўсё ў паліятыў (калі цяжкахворае дзіця нельга вылечыць, а можна толькі падтрымаць, паляпшаючы якасць жыцця) трапляюць дзеці з неўралагічнымі і анкалагічнымі захворваннямі.
Як адзначыла намеснік галоўнага ўрача Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы Юлія Жарко, колькасць паліятыўных дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку, павялічылася з 98 у 2017 годзе да 245 на 1 студзеня 2020 года.
Колькасць такіх хворых расце, бо паляпшаецца медыцынская дапамога — і жыццё дзяцей падаўжаецца:
«За кошт якаснага дагляду і аказання медыцынскай дапамогі дзеці з цяжкімі паталогіямі жывуць даўжэй. Прэнатальная дыягностыка развітая нядрэнна, і часта медыкі кажуць пра тое, што рэкамендуецца перапыніць цяжарнасць, калі плод мае цяжкія заганы развіцця. Бацькам тлумачаць наступствы, але многія пішуць адмову ад перапынення цяжарнасці».
Сем’ям, дзе з’яўляецца цяжкахворае дзіця, неабходна аказваць мультыдысцыплінарную падтрымку, кажа Юлія Жарко: «Важна псіхалагічна дапамагчы бацькам. У нас з’явілася другая стаўка псіхолага, і зараз з бацькамі цяжкахворых дзяцей працуюць два спецыялісты».
Дапамога паліятыўным дзецям аказваецца дома і ў бальніцы. Такія дзеці патрабуюць перыядычных абследаванняў, забору аналізаў, кансультацый вузкіх спецыялістаў.
«Шпіталізуем дзіця на некалькі дзён і вырашаем пытанні, — дадаў Сяргей Коўшык. — Зараз функцыянуюць два боксы (пяць месцаў) для шпіталізацыі паліятыўных дзяцей. На паліятыўных ложках аказваецца дапамога ў канцы жыцця. Не кожны з бацькоў гатовы бачыць, як памірае яго дзіця. Бывае, што ў сям'і ёсць іншыя дзеці, зусім невялікая кватэра, і тады прывозяць да нас. У нас таксама ляжаць дзеці, калі бацькі хочуць на пэўны час узяць сацыяльную паўзу».
У бальніцы ў рамках праекта ЕС закупілі мэблю і тэлекамунікацыйнае абсталяванне для Клуба сваякоў.
«Важна аб’яднаць бацькоў цяжкахворых дзяцей, у якіх падобныя праблемы, дапамагчы ім змірыцца з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, бо яны доўгі час знаходзяцца ў наймацнейшым стрэсе. У клубе будуць праходзіць сустрэчы, кансультацыі. Праз эпідэмію каранавіруса працэс запаволіўся, але для падтрымкі сям'і выкарыстоўваецца тэлемедыцына, падтрымка па тэлефоне. Мы стараемся дапамагаць сем’ям дома», — адзначыў галоўны ўрач бальніцы.
14 дзяцей на ШВЛ жывуць дома
Прыклад падтрымкі паліятыўных дзяцей па-за стацыянарам — апараты ШВЛ даюцца ў карыстанне дома і абслугоўваюцца за кошт бальніцы.
У 2017 годзе толькі адно дзіця ў Брэсцкай вобласці знаходзілася дома на ШВЛ, у 2018 годзе — ужо чатыры, у 2019-м — 11, зараз — 14. Гэтыя лічбы азначаюць не столькі тое, што дзяцей, якім патрэбная ШВЛ, стала больш, колькі тое, што апараты сталі больш даступнымі для карыстання дома. Для дзіцяці і сям'і важна, што дзеці жывуць дома, а не ў бальнічнай рэанімацыі.
«Пацыентаў і нас турбавалі тэхнічныя моманты, дагляд абсталявання, аднак гэта вырашальныя пытанні. З канца 2017 года мы складаем дамову бязвыплатнага карыстання і даем дзецям (у асноўным гэта паліятыўныя хворыя) апараты ШВЛ дадому, прычым гарантуем за свой кошт тэхнічнае абслугоўванне і расходныя матэрыялы. Ёсць і спецыяліст, які кансультуе дзяцей дома», — распавяла Юлія Жарко.
У межах праекта ЕС «Свабодны доступ да медыцынскіх паслуг у трансгранічным рэгіёне» цяпер ідзе закупка пяці партатыўных апаратаў ШВЛ, электрааспіратараў і кіслародных канцэнтратараў, якія будуць выкарыстоўвацца адпаведна патрэбам пацыентаў, адзначыла Жарко:
«Часта паліятыўныя дзеці маюць патрэбу ў выкарыстанні электрааспіратараў, у іх ёсць праблемы з глытаннем. Дзеці на ШВЛ маюць трахеастомы, куды ўстаўляецца трубка апарата. Трубку неабходна прачышчаць, для гэтага выкарыстоўваецца электрааспіратар, так што ён неабходны ўсім дзецям на ШВЛ. Выпіска з бальніцы з апаратам адбываецца толькі пасля навучання бацькоў. Некаторыя ўсё адно не спраўляюцца, і дзеці вяртаюцца да нас. Часам гэта адбываецца з-за побытавых праблемаў, напрыклад, калі ў аднапакаёвай кватэры жыве сям’я з некалькімі дзецьмі».
На новыя апараты ШВЛ у Брэсцкай абласной бальніцы вялікія планы. Калі іх атрымаюць, змогуць сфармаваць падменны фонд, што вельмі важна, сказала Жарко:
«Здараецца, што ў нейкага дзіцяці пагаршаецца стан, і яго пераводзяць на ШВЛ. У гэты час у іншага апарат ломіцца. Рэзерв дазваляе пазбегнуць чаргі, адразу замяняць няспраўны».
20−40 выездаў рэанімацыйнага аўтамабіля па вобласці штотыдзень
У некаторых выпадках да паліятыўных дзяцей прыязджаюць дадому вузкія спецыялісты. Здараецца, што брыгада едзе на рэанімацыйным аўтамабілі.
У Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы два рэанімацыйныя аўтамабілі. Адзін з іх закуплены ў рамках праекта ЕС у канцы 2019 года за 135 тысяч еўра і абслугоўвае выезды рэанімацыйнай брыгады.
«Гэтая машына, — кажа галоўны ўрач, — мае гідраўлічную платформу. Сістэма так збалансаваная электронікай, што пры руху пацыент практычна не адчувае штуршкі. Расстаноўка сядзенняў па тэхнічным заданні зробленая зручна для аказання меддапамогі. У машыне ёсць транспартны інкубатар, які абсталяваны падачай кіслароду, электрааспіратарам. Інкубатар можна прыбраць, калі трэба перавозіць вялікае дзіця. Ёсць транспартны апарат ШВЛ».
Сяргей Коўшык прывёў прыклад, калі без такой машыны немагчыма абысціся:
«Паліятыўнаму трохмесяцаваму дзіцяці патрэбная дапамога хірурга. Такое дзіця належыць перавозіць у спецыяльна абсталяваным аўтамабілі. Бывае, адно дзіця ў Мінск перавозім, іншае — у Пружаны. У нас быў выпадак, калі адначасова неабходна было адправіць рэанімацыйны аўтамабіль у Пінск (іх машына была на рамонце) і перавезці дзіця ў Мінск. У той жа час патрабавалася брыгада ў Кобрын. У нас па вобласці 20−40 выездаў рэанімацыйнага аўтамабіля штотыдзень, і заўсёды гаворка ідзе пра дапамогу цяжкім дзецям. Машына абсталяваная ўсім неабходным для падтрымкі жыццёвых функцый, часам перавозім дзяцей на ШВЛ».
Акрамя Брэсцкай абласной бальніцы ў праграме трансгранічнага супрацоўніцтва ўдзельнічаюць і іншыя ўстановы аховы здароўя, напрыклад, Мінская абласная бальніца і раённая бальніца Жабінкі (Брэсцкая вобласць).
Больш падрабязна пра праграму трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2014−2020» можна прачытаць на сайце і на афіцыйнай старонцы ў Facebook.