Суд над гродзенскім відэааператарам Андрэем Фраловым прайшоў 7 траўня ў Лідскім раённым судзе. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і штраф у 30 базавых велічынь (870 рублёў).
Андрэя Фралова судзілі паводле ч. 3 арт 23.5 (Незаконны выраб або распаўсюд прадукцыі СМІ) і арт. 24.3 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы) КаАП.
«Па кожным артыкуле далі ўсё па максімуме», — распавяла жонка затрыманага Ганна Фралова. Таксама ў Андрэя канфіскавалі флэшку з відэазапісамі. Яго машына засталася на штрафстаянцы, забраць можна будзе толькі пасля выплаты штрафу і адбывання пакарання. Пакаранне Андрэй будзе адбываць у Лідзе.
Справу разглядаў суддзя Максім Філатаў. Гэта ён асудзіў актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка на пяць гадоў калоніі. Выступаў суддзёй і па іншых палітычных справах. У якасці сведак былі супрацоўнікі Лідскага РАУС: сяржант міліцыі Лук’янаў, Русакевіч і Крышчанка.
Андрэя Фралова затрымалі ўвечары 4 траўня ў Бярозаўцы і змясцілі ў Лідскі ізалятар часовага ўтрымання. Увесь час да суда ён знаходзіўся там. Перадачу не прынялі, спаслаўшыся на тое, што «палітычным» перадачы не перадаюць.
Андрэй Фралоў — відэааператар-фрылансер, супрацоўнічаў з рознымі медыя.
Чытайце таксама: