3 траўня ў Барысаве затрымалі лекара-неўролага Аляксандра Целягу, паведаміў Telegram-канал «Белые халаты». Падпісчыкі канала паведамілі, што яго збілі ноччу ў кватэры і павезлі ў Гродна ў СІЗА. У Галоўным упраўленні ўласнай бяспекі (ГУУБ) Гродна распавялі падрабязнасці справы.

За абразу праваахоўнікаў затрыманы беларус, які працуе лекарам у Расіі, паведамілі 6 траўня ў ГУУБ Гродна. Яго затрымалі ў родным горадзе, калі ён прыехаў у госці да блізкіх. Следчыя распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўнікоў улады.

«Мінулай зімой у экстрэмісцкім Telegram-канале барысаўчанін пакінуў шматлікія абразлівыя каментары ў адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў. Для віртуальнага булінгу ён выкарыстаў розныя нікнэймы», — паведамілі ў міліцыі.

«Усё было бессэнсоўна»

Зараз Аляксандр Цялега знаходзіцца ў ІЧУ Гродна, праводзіцца папярэдняе расследаванне.

«Я, знаходзячыся на эмоцыях пад уздзеяннем Telegram-каналаў, пісаў абразы супрацоўнікам міліцыі, лічачы, што магу гэтым нешта змяніць. Усё было на эмоцыях, усё было бессэнсоўна», — кажа мужчына на відэа ГУУБ.

Што вядома пра лекара?

Аляксандр Цялега — урач-неўролаг другой катэгорыі са стажам 18 гадоў. Скончыў ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў 2003 годзе. Ён працаваў у Нарыльскай міжраённай паліклініцы. Займаўся апытаннем пацыентаў, вывучэннем аналізаў, а таксама курыраваннем ўсіх этапаў лячэння, напісана на медыцынскіх сайтах Нарыльска. Ён прыехаў у гэты горад па запрашэнні адміністрацыі горада Нарыльска для працы ў муніцыпальных установах адукацыі і аховы здароўя і атрымаў там кватэру, пісаў мясцовы партал «норильск.рф».

«Павезлі ў ніжняй бялізне»

«У Барысаве гэтага лекара ўсе ведаюць. Можа ў Гродне хто-небудзь у СІЗА зможа перадаць яму цёплыя рэчы. Павезлі доктара літаральна ў ніжняй бялізне. Там з 8.00 да 17.00 перадачы па аўторках і пятніцах, — пісалі чытачы Telegram-канала. Беларускі Фонд медыцынскай салідарнасці прапанаваў дапамогу блізкім лекара, пісаў Telegram-канал «Белые халаты».