3 траўня ў Барысаве затрымалі лекара-неўролага Аляксандра Целягу, паведаміў Telegram-канал “Белые халаты”. Падпісчыкі канала паведамілі, што яго збілі ноччу ў кватэры і павезлі ў Гродна ў СІЗА. У Галоўным упраўленні ўласнай бяспекі (ГУУБ) Гродна распавялі падрабязнасці справы.
За абразу праваахоўнікаў затрыманы беларус, які працуе лекарам у Расіі, паведамілі 6 траўня ў ГУУБ Гродна. Яго затрымалі ў родным горадзе, калі ён прыехаў у госці да блізкіх. Следчыя распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўнікоў улады.
“Мінулай зімой у экстрэмісцкім Telegram-канале барысаўчанін пакінуў шматлікія абразлівыя каментары ў адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў. Для віртуальнага булінгу ён выкарыстаў розныя нікнэймы”, – паведамілі ў міліцыі.
“Усё было бессэнсоўна”
Зараз Аляксандр Цялега знаходзіцца ў ІЧУ Гродна, праводзіцца папярэдняе расследаванне.
“Я, знаходзячыся на эмоцыях пад уздзеяннем Telegram-каналаў, пісаў абразы супрацоўнікам міліцыі, лічачы, што магу гэтым нешта змяніць. Усё было на эмоцыях, усё было бессэнсоўна”, – кажа мужчына на відэа ГУУБ.
Што вядома пра лекара?
Аляксандр Цялега – урач-неўролаг другой катэгорыі са стажам 18 гадоў. Скончыў ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў 2003 годзе. Ён працаваў у Нарыльскай міжраённай паліклініцы. Займаўся апытаннем пацыентаў, вывучэннем аналізаў, а таксама курыраваннем ўсіх этапаў лячэння, напісана на медыцынскіх сайтах Нарыльска. Ён прыехаў у гэты горад па запрашэнні адміністрацыі горада Нарыльска для працы ў муніцыпальных установах адукацыі і аховы здароўя і атрымаў там кватэру, пісаў мясцовы партал “норильск.рф”.
“Павезлі ў ніжняй бялізне”
“У Барысаве гэтага лекара ўсе ведаюць. Можа ў Гродне хто-небудзь у СІЗА зможа перадаць яму цёплыя рэчы. Павезлі доктара літаральна ў ніжняй бялізне. Там з 8.00 да 17.00 перадачы па аўторках і пятніцах, — пісалі чытачы Telegram-канала. Беларускі Фонд медыцынскай салідарнасці прапанаваў дапамогу блізкім лекара, пісаў Telegram-канал “Белые халаты”.



