Указ № 174 аб пазбаўленні вайсковых і спецыяльных званняў 86 былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 траўня. Праз два дні спіс апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Сярод пералічаных былых супрацоўнікаў ёсць і гродзенцы. Карэспандэнтка Hrodna.life спытала аднаго з іх, што значыць для яго пазбаўленне звання.
Сярод пазбаўленых званняў - Андрэй Астаповіч, былы следчы з Мінска, заснавальнік ініцыятывы ByPol (нарадзіўся ў Шчучыне) і Ігар Лобан, былы следчы па асабліва важных справах УСК па Гродзенскай вобласці, адзін з першых сябраў гэтай ініцыятывы. Сяргей Макар раней служыў у гродзенскім АМАПе. Ігар Макар — былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага спецпадраздзялення МУС Беларусі «Алмаз» — нарадзіўся ў Гродне.
У дачыненні да членаў ініцыятывы ByPol заведзены крымінальныя справы, а 22 красавіка яе Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім. Ініцыятыва падтрымлівае былых сілавікоў, якія звольніліся пасля выбараў, збірае звесткі аб парушэннях з боку работнікаў сілавых органаў і заклікае іх пераходзіць на бок народа.
Пералічаныя ў спісе людзі - былыя вайскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і іншых сілавых ведамстваў. Многія з іх публічна выказалі нязгоду з дзеяннямі ўлады пасля выбараў 2020 года, ёсць тыя, хто крытыкаваў палітыку Лукашэнкі і раней. На некаторых былых вайскоўцаў завялі крымінальныя справы, у тым ліку за арганізацыю актаў тэрарызму.
«Ты афіцэр ці не — не праз тое, што хтосьці падпісаў нейкую паперу», — упэўнены Арцём Нікулін, былы капітан міліцыі з Гродна. Яго стаж у міліцыі - амаль сем гадоў, працаваў у падраздзяленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Гродзенскага аблвыканкама. Звольніўся па згодзе бакоў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020. Амаль праз дзевяць месяцаў яго прозвішча трапіла ў спіс 86 былых сілавікоў, якіх Аляксандр Лукашэнка пазбавіў воінскага звання.
«Гэта тое, што ўнутры, пэўны склад розуму. Штосьці важнае для сябе, а не тое, што нехта падпісаў паперу і сказаў - ты ёсць, ці цябе няма. У мяне ляжаць граматы, падпісаныя міністрам, знакі „За адзнаку“, якія таксама нешта значаць. Я як быў афіцэрам, так і ёсць», — распавёў Арцём Hrodna.life.
Як пазбаўленне звання паўплывае на яго на практыцы, Арцём пакуль дакладна не ведае. «У ваенным білеце быў як капітан запасу, буду — як шэраговец». Няма сэнсу рэагаваць на тое, што не ў сілах змяніць, лічыць ён.
У жніўні 2020 Арцёма абурылі жорсткія разгоны мірных дэманстрантаў, збіцьцё людзей. «Ёсць нормы закона, якія, на маю думку, павінны выконвацца усімі і заўсёды, нельга прыкрывацца нейкімі абставінамі», -выказаўся ён тады на T*T.BY пра дзеянні сілавікоў. Аб сваім рашэнні ён напісаў у Instagram. Пасля звальнення Нікулін дапамагаў жонцы з бізнесам, пайшоў вучыцца на IT. Зараз працягвае вучобу.
Вайскоўцы, якія знаходзяцца ў запасе або ў адстаўцы, могуць быць пазбаўлены воінскага звання паводле рашэння суда або прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, сказана ў Законе Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе.
Пазбаўленыя звання такім чынам могуць быць адноўленыя ў ранейшым воінскім званні пасля зняцця або пагашэння судзімасці службовымі асобамі, якія маюць права прысвойваць гэта воінскае званне.
У выпадку пазбаўленне воінскага звання пенсія, вызначаная для вайскоўцаў заканадаўствам, захоўваецца. Аклад пры налічэнні пенсій улічваецца для воінскага звання «шэраговец».
Па прысудзе суда пазбаўляюць воінскага або спецыяльнага звання асоб, якія ўчынілі цяжкае або асабліва цяжкае крымінальнае злачынства.
Пазбавіць людзей, пералічаных ва ўказе, спецыяльных і воінскіх званняў Лукашэнку папрасілі кіраўнікі сілавых ведамстваў, паведамляла яго прэс-служба. Афіцыйная прычына — у перыяд «абвастрэння грамадска-палітычнай абстаноўкі» ў краіне вайскоўцы і супрацоўнікі:
Па палітычных прычынах з гродзенскай міліцыі пасля выбараў звольніліся 19 супрацоўнікаў, паведаміў у лістападзе 2020 Вадзім Сіняўскі, на той момант кіраўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама. Ён «абвясціў асабоваму складу: калі хтосьці з нейкіх прычын не хоча працягваць службу — падавайце рапарт, а заўтра будзе загад аб звальненні па згодзе бакоў». У гэтым выпадку міліцыянты павінны былі вярнуць выплаты, атрыманыя пры заключэнні кантракту.
Чытайце таксама: Вадзім Сіняўскі стаў новым кіраўніком МНС Беларусі. Ён кіраваў міліцыяй Гродна, разганяў пратэсты і прабачаўся за гвалт
Яраслаў Ліхачэўскі, заснавальнік фонду BySol, тады назваў іншую лічбу. Па яго звестках, 33 сілавікі звольніліся за тыдзень толькі ў Гродне. УУС Гродзенскага аблвыканкама афіцыйна абвергла гэтую інфармацыю.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…