Ініцыятыва By_Pol, якая займаецца расследаваннямі злачынстваў, учыненых сілавікамі супраць мірных пратэстоўцаў у перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў, апубліквала аналітычны агляд, як сцявярджаецца, кадравага забесьпячэньня ў сыстэме МУС за 9 месяцаў 2020 году, піша «Радыё С**бода». З дакумента вынікае, што пасля прэзыдэнцкіх выбараў з органаў унутраных спраў звольніліся 1074 чалавекі.

Пад дакументам стаіць подпіс начальніка ўпраўленьня каардынацыі і ўзаемадзеяньня падраздзяленьняў кадраў і ідэалягічнай працы МУС палкоўнік Аляксандар Мазур. Датаваны ён 15 кастрычніка 2020 года.

На 1 студзеня 2020 году колькасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Беларусі складала 46 128 чалавек. Лічба прыводзіцца без уліку цывільнага пэрсаналу і вайскоўцаў тэрміновай службы ўнутраных войскаў.

З дакумэнту вынікае дакладная штатная колькасьць асобных падразьдзяленьняў:

  • раскрыцьцё злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў — 163 чалавекі
  • крымінальны вышук — 2457
  • наркакантроль і супрацьдзеяньне гандлю людзьмі — 550
  • барацьба з эканамічнымі злачынствамі — 886
  • участковыя інспэктары міліцыі — 3036
  • ДАІ — 3341
  • апэратыўна-дзяжурная служба — 1112
  • патрульна-паставая служба міліцыі — 2099
  • ГУБАЗіК — 360
  • дэпартамэнт выкананьня пакараньняў — 5427
  • дэпартамэнт аховы — 11 505
  • супрацоўнікі ва ўстановах адукацыі — 729
  • унутраныя войскі (без уліку вайскоўцаў тэрміновай службы) — 6716.

Вынікае, што на працягу 9 месяцаў мінулага году 2 091 супрацоўнік звольніўся з органаў, толькі ў трэцім квартале адбыўся 51,4% звальненьняў (1 074 чалавек). Як падкрэсьлівае ініцыятыва, акурат у пэрыяд і непасрэдна пасьля правядзеньня выбарчай кампаніі.

Справы супраць міліцыянтаў сталі рэкордна рэдкімі

За прааналізаваныя 9 месяцаў зьнізілася колькасьць злачынстваў з удзелам асабістага складу, іх зафіксавалі толькі 28, хаця ў 2019-м за аналягічны пэрыяд такіх было 120. Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі толькі 841 чалавека, хоць за такі самы пэрыяд у 2019-м супрацоўнікі органаў унутраных справаў прыцягваліся да яе 1443 разы. Істотна, больш як на чвэрць, упала і колькасьць зарэгістраваных выпадкаў парушэньня працоўнай дысцыпліны.

Ініцыятыва пракамэнтавала, што такое рэзкае зьніжэньне з самымі нізкімі лічбамі за апошнія 10 гадоў, абумоўлена негалоснай забаронай на прыцягненьне супрацоўнікаў да розных відаў адказнасьці. Забарона звязана з масавымі звальненьнямі супрацоўнікаў, мяркуюць у ініцыятыве.

Па інфармацыі By_pol, дадзеную забарону замацавала распараджэньне МУС № 6дсп ад 18 жніўня «Аб стабілізацыі маральна-псыхалягічнага клімату і захаваньня кадравага ядра».

Нягледзячы на шматлікія зафіксаваныя дакумэнтальна выпадкі гвалту з боку сілавікоў, па ніводным такім факце супраць іх не пачалі крымінальнай справы.

Журналісты звярнуліся ў МУС з пытаннем, наколькі дадзеныя аб колькасці асабістага складу, названыя ў публікацыі BYPOL, адпавядаюць рэчаіснасці, а таксама ці існуе ўпраўленне каардынацыі і ўзаемадзеяння падраздзяленняў кадраў і ідэалагічнай працы пад кіраўніцтвам палкоўніка міліцыі Аляксандра Мазура. У прэс-службе міністэрства адказваць адмовіліся.

У 2016 годзе ў інтэрв'ю каналу «Беларусь 1» тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што ў нашай краіне на 100 тысяч жыхароў прыходзіцца 405 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (такім чынам атрымліваецца лічба ў 39 тысяч міліцыянтаў).