У Гродне за тры дні адмянілі дзяржзакупку па выбары генеральнай праектнай арганізацыі для рэканструкцыя адміністрацыйнага будынка па вул. Цітова, 7 пад гарадскі стаматалагічны цэнтр. Аб’ява з’явілася на сайце дзяржзакупак icetrade.by 31 сакавіка. Праект адмянілі - з-за недахопу грошай.
Аб’ектам займалася Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Гродна (УКБ). З 10 траўня па 24 снежня 2021 планавалі абследаваць будынак, распрацаваць перадпраектную дакументацыю, правесці праектна-вышукальныя працы і экспертызы. Гэтыя работы ацэньваліся ў 201 000 рублёў. Сродкі, паводле інфармацыі на сайце дзяржзакупак, планавалі ўзяць з мясцовага бюджэту.
Праект сапраўды быў у планах, але яго адмянілі, таму што ў горада пакуль няма грошай, распавялі Hrodna.life у УКБ. Тэрмін аднаўлення работ залежыць ад выканання бюджэту. Акрамя таго, уладам трэба праверыць: больш выгадна пабудаваць новы будынак або прыстасаваць стары. У аблвыканкаме пакуль разважаюць над гэтым. Да таго ж, сродкі патрэбныя, каб дабудоўваць анкадыспансер.
Даведацца, наколькі новы стаматалагічны цэнтр патрэбен гораду, Hrodna.life збіраліся ў Галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Запланаваная сустрэча перанеслася на нявызначаны тэрмін. Як толькі Hrodna.life атрымае каментар чыноўнікаў, мы яго апублікуем.
Што за будынак?
Доўгі час на вул. Цітова, 7 знаходзілася аддзяленне «Беларусбанка». Яно закрылася 1 ліпеня 2020 года, паведамлялі тады прадстаўнікі арганізацыі ў Facebook. 21 траўня 2020 года з’явілася Пастанова Савета міністраў, згодна з якой будынак збіраліся прадаць Цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклініцы за 2 451 600 рублёў (з улікам падатку на дададзеную вартасць) з растэрміноўкай аплаты на 4 гады. Цяпер будынак пустуе. Hrodna.life не ўдалося даведацца, на балансе якой арганізацыі ён знаходзіцца цяпер.
Колькі стаматалагічных клінік ў Гродне?
У Гродне ёсць Цэнтральная гарадская стаматалагічная паліклініка і яе філіял Стаматалагічная паліклініка № 1. Яны ўключаюць два тэрапеўтычных аддзяленні, тры — лячэбна-хірургічных і тры — артапедычных. Таксама ёсць Дзіцячая стаматалагічная паліклініка, якая ўключае тры аналагічных аддзяленні. У горадзе, мяркуючы па адкрытых крыніцах, працуюць больш за 40 прыватных стаматалагічных клінік.