Замовіць здаровы фаст-фуд, парамантаваць ровар або напаіць сабаку ў час шпацыру ў цэнтры Гродна цяпер будзе прасцей. Усе гэтыя магчымасці ёсць у вела-кавярні «Змітроле» на вуліцы 17 верасня 59/3, каля “Еўраопта”. Установа працуе з 10 раніцы да 10 вечара без выхадных.

Фаст-фуд для людзей з еўрапейскім менталітэтам

Кавярню адкрыў мінскі прадпрымальнік Яўген Змітровіч. Здаровы фаст-фуд – ужо чацвёрты бізнес-кірунак, якое ён развівае. Сярод раней асвоеных і да гэтага часу паспяховых: упакоўка, аўтасэрвіс і продаж ровараў.

Першыя велакавярні Яўген спрабаваў адкрыць у Віцебску і Магілёве. Але там фармат не прыжыўся. Цяпер робіць стаўку на сталіцу і на Гродна, які лічыць самым еўрапейскім горадам Беларусі.

«Тут у людзей іншы менталітэт. Яны бліжэй да Еўропы, больш ездзілі, больш бачылі. Думаю, тут знойдуцца і прыхільнікі здаровага ладу жыцця, і тыя, хто часта карыстаецца роварам».

Велокафе Змитроле Zmitrole для велосипедистов находится около "Евроопта", на улице 17 Сентября, 59/3
Кавярня месціцца каля “Еўраопта”, на вуліцы 17 верасня, 59/3

Гарбата з піражком і гаечны ключ з помпай

Велакавярня ўратуе, калі паломка ровара заспела ў горадзе. Тут ёсць мінімальны набор інструментаў для дробнага рамонту. Да лета ўладальнікі абяцаюць абсталяваць велапаркоўку. Установа пазіцыянуе сябе як дог-фрэндлі. Калі вы зайшлі ў кавярню з сабакам, ёй прапануюць сухі корм і нальюць вады. Гэтая паслуга прадастаўляецца бясплатна.

Чытайце таксама: На Щорса открылась кофейня, куда можно приходить с животными

«Ровар – гэта прыгожа» – галоўная ідэя дызайну

Пра дызайн новага кафэ можна сказаць коратка – ровары тут паўсюль. У міжаконнях – планшэты з фотаздымкамі знакамітасцяў. Брэд Піт, Арнольд Шварцэнэгер, Джулія Робертс, Леанарда Ды Капрыё і яшчэ некалькі дзясяткаў зорак на фота круцяць педалі.

Астатнія сцены прыстасавалі пад вітрыны. На іх – ужываныя ровары з Еўропы, якія можна купіць ці ўзяць напракат. Кошты пачынаюцца ад 1000 рублёў.

«Абышліся без дызайнераў, канцэпцыю прыдумалі самі. Галоўная ідэя – што ровар – гэта прыгожа, гэта ўзор на продаж і адначасова – арт-аб’ект”, – кажа Змітровіч.

Фаст-фуд без маянэзу і лішняга тлушчу

Кафэ прапануе замарожаны фаст-фуд і арыентуецца на здаровае харчаванне. “Тыя, хто ездзяць на роварах, наўрад ці захочуць есці салату з маянэзам або піражкі на кіпячым алеі”, – тлумачыць Змітровіч.

Дзве асноўныя пазіцыі меню – паравыя піражкі і супы. Частку ежы гатуюць партнёры з Расіі, частку – на харчовых вытворчасцях Беларусі. Стравы дастаўляюць у кавярню замарожанымі.

Прапануюць чатыры віды паравых піражкоў па 5 рублёў – з мясам, курыцай, ласосем і вегетарыянскія. З супоў – боршч, салянку, харчо і расольнік за 4 рублі.

Эспрэса і амерыкана абыйдзецца наведнікам у 2 рублі, капучына ці какава па 3 рублі, латэ каштуе 3,5 рублі.

Фішка меню – замарожаныя фруктовыя гарбаты па 4 рублі. Гэта ягадны брыкет на палачцы, які трэба распусціць у шклянцы кіпеню.

У меню шэсць пазіцый фруктовай гарбаты з цукрам ад журавін з апельсінам і бадзянам да ігліцы з брусніцамі і шэсць пазіцый для тых, хто не ўжывае даданы цукар – ад чорнай парэчкі з мелісай да маракуі з персікам і размарынам.

Любую ежу можна замовіць з дастаўкай, узяць з сабой ці з’есці на месцы. Праграмы лаяльнасці прадугледжаны толькі ў выглядзе промакодаў для бізнес-партнёраў. «Наша аўдыторыя – досыць заможныя людзі ўзросту 30+. Нават няёмка неяк прапаноўваць ім зніжкі», – кажа Змітровіч.

“Самае дарагое тут – ровары”

Яўген распавёў, што ў адкрыццё кавярні ўклаў каля $3000 – адразу шукаў бізнес з нізкай магчымасцю ўваходу. «Тут няма кухні і кухараў, невялікая арэндная плошча, толькі адзін супрацоўнік. Самае дарагое ў гэтай карярні – ровары на сценах».

Гарадскія ўлады паставіліся да новага бізнэсу досыць лаяльна. Пытанні з неабходнымі дакументамі і дазволамі ўлагодзілі хутка і без складанасцяў.

Чытайце таксама: У Гродне на старым месцы адкрылася кавярня AvaCava. Паглядзелі, што там новага

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]