Крэдыты пад урадавыя гарантыі па пагашэнні асноўнай пазыкі дадуць тром з чатырох цукровых заводаў Беларусі. Гэта Скідзельскі і Гарадзейскі цукровыя камбінаты і Жабінкаўскі цукровы завод. За 2020 год у іх засталіся непакрытыя страты. У Скідзельскага камбіната яны самыя вялікія — 50,6 млн рублёў.
Максімальная сума крэдыту для кожнага з трох заводаў - 40 млн рублёў. «Беларусбанк» атрымае гарантыі ўрада Беларусі. Плата за прадастаўленне гарантый складзе 0,01% ад сумы крэдыту. Адпаведная пастанова Савета міністраў з’явілася на нацыянальным прававым партале 21 красавіка і ўступіла ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
Пры тым непакрытыя страты Скідзельскага цукровага камбіната, згодна з фінансавай справаздачай прадпрыемства, у 2020 годзе склалі 50,6 млн рублёў. Гэта больш, чым у Гарадзейскага цукровага камбіната (10 млн рублёў) і Жабінкаўскага цукровага завода (19 млн. рублёў).
Праўда, чысты прыбытак Скідзельскага камбіната за 2020 год склаў 129 тыс. рублёў (у 2019 годзе былі страты 603 тыс. рублёў). Выручка ў 2020 годзе вырасла з 121,7 млн да 172,7 млн. Доўгатэрміновыя абавязацельствы камбіната склалі 150 млн рублёў (у 2019 было 120 млн).
Неплацежаздольнасць устойлівага характару
У аўдытарскім заключэнні па бухгалтарскай дзейнасці Скідзельскага цукровага камбіната за 2020 год ёсць падраздзел «Істотная нявызначанасць у дачыненні да бесперапыннасці дзейнасці». Такі ж падраздзел прысутнічае ў дакументах Жабінкаўскага цукровага завода і Гарадзейскага цукровага камбіната.
Аналіз аўдытараў паказаў, што структура бухгалтарскага балансу нездавальная, а кароткатэрміновыя абавязацельствы істотна перавышаюць кароткатэрміновыя актывы. Паказнікі фінансавай устойлівасці Скідзельскага цукровага камбіната сведчаць пра неплацежаздольнасць, якая набывае ўстойлівы характар, сказана ў дакуменце.
Слуцкі цукрарафінадны камбінат, мяркуючы па заключэнні аўдытараў, у лепшым стане. Праўда, у часе аўдыту яны не атрымалі эканамічнага абгрунтавання прымененай цаны па ўгодах 2020 года. Праз гэта засталіся пытанні да паўнаты падатку на прыбытак і звязаных з ім паказніках. Такая ж сітуацыя ў Гарадзейскага цукровага камбіната.
У пачатку 2020 года затрымалі дырэктараў усіх чатырох беларускіх цукровых заводаў. «Цукровая справа» пачалася з таго, што 24 студзеня над Польшчай развярнулі самалёт Мінск-Мюнхен і пасадзілі яго ў Гродне. На борце быў дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч. У Гродзенскай вобласці тады затрымалі генеральнага дырэктара Скідзельскага цукровага камбіната Дзмітрыя Ягорава. Затрымалі і Віктара Міронава (Жабінкаўскі цукровы завод) і Мікалая Прудніка (Слуцкі камбінат; цяпер мужчына на волі). Былі распачатыя крымінальныя справы па факце давання і атрымання хабару. Справу расследаваў КДБ. У студзені 2021 года яшчэ аднаго з былых кіраўнікоў Скідзельскага цукровага камбіната асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за хабар.