У гарадскім пасёлку Карэлічы ў сярэдзіне красавіка Следчы камітэт даслаў позву 8-гадовай Ганне Пякарскай. 23 красавіка па адрасе рэгістрацыі Ганны прыйшлі сілавікі – пачаўся вобшук. Пра гэта паведаміў бацька дзяўчынкі Раман Пякарскі ў Facebook.
“У гп. Карэлічы, па месцы маёй прапіскі ў РБ і месцы жыхарства маіх бацькоў, у дадзеную хвіліну праходзіць ператрус. Шукаюць мяне і, мабыць, маю дачку, якая ва ўстаноўлены тэрмін не з’явілася на допыт у СК. У мамы з рук забралі тэлефон, паводзяць сябе па хамску і з выклікам, як заўсёды. Больш няма слоў….”- напісаў Раман у Facebook.
У вобшуку ўдзельнічалі трое следчых на чале з Качаном А. М. і двое панятых. “Што менавіта шукалі і хацелі знайсці гэтыя “прадстаўнікі закона”, незразумела, мабыць, яны і самі не ведалі. У выніку канфіскавалі кнопкавы тэлефон маёй мамы”, – напісаў пазней Раман.

Раман амаль 15 гадоў жыве за мяжой, але зарэгістраваны ў Карэлічах. На яго завялі крымінальную справу і пачалі адпраўляць позвы членам яго сям’і, у тым лікуе – 8-гадовай дачцэ.



