У Гродне і вобласці ў апошні час пачасціліся выпадкі затрыманняў і судоў за рэчы са спалучэннем белага і чырвонага колераў і «Пагоні». Раней штрафавалі, напрыклад, за БЧБ-штору або за шпацыр у вопратцы белага і чырвонага колеру ў нядзелю. Цяпер прычынай затрымання можа стаць нават невялікі малюнак на вопратцы ці ў машыне. БЧБ-сцяг яшчэ не забаранілі, але ўлады ўжо не рэкамендуюць выходзіць з дому, напрыклад, з БЧБ-шкарпэткамі.
Будаўнік Аляксей Карвецкі з аграгарадка Солы Смаргонскага раёна 10 красавіка атрымаў штраф 50 базавых велічынь (1 450 рублёў) за пікет. Суд Астравецкага раёна прызнаў пікетам намаляваную чырвоную палоску на белай касцы. Гэты галаўны ўбор Карвецкі выкарыстаў падчас працы на Астравецкай АЭС. За каску з паласой яго прызналі арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Увесну 2021 года 31-гадовы жыхар Слоніма размясціў на капоце аўтамабіля налепку з гербам «Пагоня». На кузаў ён наклеіў дзве белыя палосы і адну чырвоную. На думку гродзенскіх праваахоўнікаў, з гэтым дэкорам дах стаў падобны на бел-чырвона-белы сцяг.
Слонімца затрымалі на дарозе М11 і судзілі за «пікетаванне». Ён атрымаў сем сутак адміністрацыйнага арышту. Аўтамабіль «Форд Фіеста» канфіскавалі як прыладу ўчынення правапарушэння.
Падобная сітуацыя ў ліпені 2020 года адбылася з гродзенцам Уладзімірам Радчанкам. Яго аўтамабіль канфіскавалі.
У Гродне 8 красавіка позна ўвечары затрымалі грамадскага актывіста і прадпрымальніка Мікалая Лемяноўскага. Ён быў на працоўным месцы, калі яму патэлефанавалі міліцыянты і прапанавалі выйсці да машыны. Прычынай стаў бел-чырвона-белы сцяжок у салоне аўтамабіля. Калі Лемяноўскі выйшаў да машыны, міліцыянтаў не было. Пазней яны патэлефанавалі і паведамілі, што распачаты адміністрацыйны працэс за «адзіночны пікет». Лемяноўскі сказаў, што скончыць працу і прыедзе ў РАУС. Адтуль
З РАУС Ленінскага раёна Мікалай Лемяноўскі ўжо не выйшаў. Праз суткі яго аштрафавалі на 120 базавых велічынь (3480 рублёў), паведамляе s13.ru.
Гродзенскага актывіста Максіма Губарэвіча затрымалі 11 красавіка на праверцы перад гандбольным матчам. Яго даставілі ў Кастрычніцкі РАУС, пазней адпусцілі і правялі агляд дома. Яго нашыўку — «Пагоню» — папрасілі зняць, распавёў ён Hrodna.life.
Таксама дзяўчыну на тым жа матчы міліцыянты папрасілі не даставаць тэлефон з выявай «Пагоні» на чахле. Папярэдзілі, што расцэняць гэта як пікет, паведамляе канал, чый сайт прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
У снежні 2020 года гродзенскі актывіст Яўген Дудкін збіраў подпісы пад зваротам да ўладаў горада. Ён прасіў іх апублікаваць рэгламент вывешвання на балконе рэчаў белага і чырвонага колераў. За такое «парушэнне» прыцягвалі па артыкуле 23.34 КаАП «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (з сакавіка 2021 года гэта арт. 24.23 КаАП — Hrodna.life). Яму адказалі, што «гарвыканкамам не рэгламентуюцца пытанні вядзення хатняй гаспадаркі асобных грамадзян».
За межамі дома да спалучэння колераў ставяцца больш уважліва. Жыхар Узды спытаў райвыканкам, ці можна яму выйсці на вуліцу ў белых шкарпэтках з чырвонай паласой, кепцы з элементамі белага і чырвонага колеру і са значком «Пагоня» на заплечніку. Там не рэкамендавалі - «па маральна-этычных меркаваннях» і таму, што гэта «можа быць успрынята грамадзянамі як ўшчамленне іх законных правоў і інтарэсаў - і пацягнуць за сабой парушэнне грамадскага парадку».
Больш за сотню беларусаў звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай забараніць бел-чырвона-белую сімволіку. Генпракуратура рыхтуе дакументы, каб абвясціць сцяг і іншую сімволіку ў бела-чырвоных колерах экстрэмісцкай. Беларусы стварылі петыцыю, у якой просяць спыніць пераслед за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі і прызнаць бчб-сцяг гісторыка-культурнай спадчынай. Яе падпісалі больш за 100 000 чалавек.
Сваю заяву ў пракуратуру і Палату прадстаўнікоў таксама накіравалі беларускія гісторыкі. У Палаце прадстаўнікоў меркаванне гісторыкаў «прынялі да ўвагі». У пракуратуры заявілі, што вырашаць пытанне з БЧБ-сцягам будзе суд.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…