Анджэй Пісальнік. Фота: Facebook.com
Гродзенскіх журналістаў Інэс Тодрык-Пісальнік і Анджэя Пісальніка перавезлі з Гродна ў Мінск пасля агляду ў іх кватэры. У якім прававым статусе знаходзяцца журналісты, пакуль не вядома. Раніцай 14 красавіка Пісальніку вынеслі папярэджанне ў пракуратуры.
У эфіры польскіх радыёстанцый «Radio 24» І «Radio 4» у пачатку красавіка 2021 года актывіст незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ распачатая шырокамаштабная прапаганда супраць Польшчы. На думку актывіста, збор праваахоўнымі органамі звестак аб вучнях, якія праходзяць навучанне ў грамадскіх школах, — гэта форма застрашвання настаўнікаў і вучняў - а таксама намер уладаў да дыскрэдытацыі і далейшай адмовы насельніцтва Беларусі ад навучання польскай мове, гісторыі і польскасці ў цэлым.
Яго выказванні «заведама беспадстаўныя» і «відавочна накіраваныя на распальванне міжнацыянальнай варожасці», лічаць у пракуратуры. На думку следчых, Пісальнік хацеў «распачаць у насельніцтва нацыянальную варожасць і варожасць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іх дзейнасці».
У пракуратуры Пісальніку абвясцілі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
Пасля гэтага ў сям'і ў кватэры правялі агляд, журналістаў павезлі ў Мінск. У сям'і выхоўваюць непаўналетняе дзіця.
25 сакавіка распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і розні» ў дачыненні да прадстаўнікоў незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі. 23 сакавіка затрымалі кіраўніка арганізацыі Анжаліку Борыс.
25 сакавіка затрымалі гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута, у кіраўнікоў Саюза палякаў Беларусі ў рэгіёнах прайшлі ператрусы. Сілавікі прыйшлі таксама ў грамадскую польскую школу пры Саюзе палякаў і офіс Саюза палякаў у Гродне.
Польшча адрэагавала на сітуацыю і прапанавала Літве і Латвіі ўвесці абмежаванні ў транспарце тавараў з Беларусі.
Канфлікт вакол польскай меншасці пачаўся ў канцы лютага 2021 года пасля мерапрыемства з нагоды Дня памяці «праклятых жаўнераў» у Берасці. Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў.
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…