7 красавіка хтосьці размясціў на сайце прадпрыемства «Гродна Азот» інфармацыю пра стачку і відэа з гендырэктарам Ігарам Ляшэнкам. Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 349 КК «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».
Інфармацыю следчыя расцанілі як «дыскрэдытуючую кіраўніцтва прадпрыемства» і «заклікі да стачак». Адказнасць за ўзлом ўзяў на сябе рух «Кібер-партызаны». Яны размясцілі ў сябе ў канале скрыншоты сайта і заявілі, што падтрымліваюць завадчан. Зараз сайт не адкрываецца.
Каб выявіць парушальніка, у рамках крымінальнай справы следчыя накіруюць шэраг міжнародных просьбаў аб аказанні прававой дапамогі, паведамілі ў СК.
Парушальніку пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Мяркуючы па кваліфікацыі, следчыя лічаць, што доступ здзейснілі «з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці, або групай асоб па папярэдняй змове, альбо асобай, якая мае доступ да кампутарнай сістэмы або сеткі».
Гродзенскія следчыя нядаўна ўжо узбуджалі крымінальную справу па тым жа артыкуле. 25 сакавіка з рабочай пошты дырэктара гродзенскага прадпрыемства «Малочны мір» Марыны Анікеевай сталі рассылаць нібыта падпісаныя ёю лісты, у якіх, сярод іншага, гаворыцца пра новыя выбары.