Стваральнікі пазіцыянуюць “Quester” як бар для тых, “каго не пускаюць у іншыя бары”. Установа адкрылася ў Гродне 1 красавіка ў памяшканні дзеючага квэструма.
Для каманды стваральнікаў “Quester” – першы ўласны праект, але ўсе яны маюць досвед працы ў розных установах грамадскага харчавання. Пра гэта больш падрабязна Hrodna.life распавёў бармэн Уладзіслаў Бернат, які ў вольны час спявае ў гурце “Dzieciuki” і займаецца ўласным рэп-праектам “Dzyadzenka”.
— Бар для тых, каго не пускаюць у іншыя бары — хто хоча тусіць, даваць джазу, але яму кажуць: ідзі адсюль, — панкаў, скіноў, розных падазроных тыпаў. <…> Думаю, што звычайны чалавек зойдзе ў гэты бар і ўжо на ўваходзе будзе адчуваць нейкі культурніцкі шок, бо такога ў нашым горадзе раней ніколі не было.
Прынцыпы не абмяркоўваюцца, а нязгодным лепш знайсці іншы бар
У спадчыну ад квэструма дасталася назва – “Quester” – і інтэр’ер. Здаецца, некаторыя элементы – муляж трупа, шафа з кніжнай паліцай – арганічна ўпісаліся ў канцэпцыю бара. Рамонт дарабляецца паступова. Напрыклад, у дзень адкрыцця ва ўстанове яшчэ не было сталоў, а праз два дні яны ўжо з’явіліся. Але напоі на іх лепш не ставіць — ёсць рызыка, што стол у парыве пачуццяў перавернуць, і вам зноў прыйдзецца адстаяць немаленькую чаргу.
Канцэпцыя бара адлюстравана на надпісу ля ўваходу: “NO RACISM, NO SEXISM, NO HOMOPHOBIA, NO AGGRESSION, NO DISCUSSION”. Апошняе азначае, што вышэйпаказаныя прынцыпы не абмяркоўваюцца: калі вы з імі не згодныя – вам у іншы бар. Над барнай стойкай вісіць сцяг нямецкай футбольнай каманды “FC St. Pauli”, чые фанаты прытрымліваюцца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў. Таксама яны падтрымалі Ігара Банцэра, які 16 сутак быў на сухой галадоўцы і якому нядаўна прысудзілі 1,5 года “хіміі”.

Эстэтыка сквотаў
Рамонт стваральнікі бара рабілі максімальна танна сваімі сіламі. Сцены размалявалі балончыкам і ўпрыгожылі стыкерамі.
– Гэта знакавыя адсылкі да эстэтыкі сквотаў, якія ў свой час у Англіі ці Нью-Ёрку сталі прытулкам самых розных дзіўных асоб (“панк” у англамоўным жаргоне азначае шпана, дрэнь, брыда), былі прасторамі поўнай свабоды самавыяўлення, дзе тусаваліся такія знакавыя людзі для сучаснага мастацтва, як Эндзі Уорхал або Уільям Берроуз, – распавёў Hrodna.life музыка Ігар Банцэр, якога можна ўбачыць у гэтым бары.
Цэннік на напоі стараліся зрабіць максімальна нізкім. “Таму што мы той бар, у якім хацелася б бачыць людзей, у якіх не так шмат грошай. Такія людзі таксама хочуць адпачываць”, – тлумачыць Уладзіслаў Бернат і жартуе, што гэта бар для “маргіналаў”.

Час працы і планы на будучыню
Бар працуе з 20.00 да 02.00, у пятніцу і суботу – да 04.00. У бары будзе гуляць “максімальна нефармальная” музыка – ска, рэгі, панк, метал. Да канца вясны плануюць жывыя канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы.
Першая вечарынка – вініл-паці – адбудзецца ў суботу 10 красавіка ў 22.00.









































