Гродзенскі майстар Андрэй Кібінь зрабіў падарунак лідару гродзенскага гурта “Dzieciuki” Алесю Дзянісаву – вырабіў адмыслова для яго гітару.
Падарунак выраблены з некалькіх відаў дрэва: елкі, палісандра і чырвонага дрэва. Але гітара не мае выхада для электрычнага падлучэння, таму ёсць верагоднасць будучай мадэрнізацыі інструмента, распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў.

“Неяк Андрэй Кібінь сказаў, што хоча зрабіць мне гітару. Я вельмі паважаю Андрэя, але ўспрыняў не зусім сур’ёзна гэтую інфу. Да і заплаціць мне няма чым майстру. І вось, тэлефануе Кібінь: Прыязжай за сваёй гітарай! Хто не ведае хто такі Андрэй Кібінь – google ў дапамогу! Скажу толькі тое, што гэта, напэўна лепшы гітарны майстар на ўсёй пост-савецкай прасторы!” – напісаў у Facebook Алесь Дзянісаў.
“Я даўно планаваў і хацеў зрабіць гітару спецыяльна для Алеся. Зараз была магчымасць і час, таму ўзяўся за працу і зрабіў”, – распавёў Hrodna.life Андрэй Кібінь. Інструмент зроблены паводле канкрэтных памераў, спецыяльна для Алеся, патлумачыў майстар.
Андрэй Кібінь – гродзенскі гітарны майстар. Ён рабіў гітары для беларускіх музыкаў: Валерыя Дзідзюлі, Паўла Кухты, Сяргея Міхалка і гурта “BRUTTO”. З замежных музыкаў на гітары Андрэя Кібіня гралі аўстралійскі музыка з унікальнай тэхнікай ігры Томі Эмануэль, а таксама амерыканскі гітарыст Адам Раферці.
Чытайце таксама: