Тры амапаўцы каля 12.45 прыйшлі ва ўнутраны дворык будынка на Кірава, 3 у Гродне. Яны паспрабавалі патрапіць «Цэнтр гарадскога жыцця» і магазін «Адметнасць» (у яго з рэдакцыяй Hrodna.life адзін уваход). Аднак і «Цэнтр», і магазін з рэдакцыяй зачыненыя.
Байцы АМАП хадзілі побач з будынкам каля гадзіны. Яны зайшлі ў краму настольных гульняў «Кубік» і ў магазін сувеніраў «Цудоўня», але адразу ж выйшлі. Мікрааўтобус, на якім звычайна перасоўваюцца амапаўцы, стаяў не ля будынка, а за вуглом, побач з турмой. З якой мэтай яны прыйшлі, невядома. Каля 13.40 супрацоўнікі міліцыі з’ехалі.
У той жа самы час старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік даваў інтэрв'ю ў прамым эфіры на YouTube-канале тэлерадыёкампаніі «Гродна». Адзін з гледачоў задаў пытанне: «А што скажа наш паважаны губернатар на тое, што ў горадзе з ведама мясцовай улады працягвае працаваць рассаднік БЧБ-заразы — так званы «Цэнтр гарадскога жыцця»?
«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная арганізацыя, якая валодае будынкам на правах прыватнай уласнасці. Прыватная ўласнасць з’яўляецца недатыкальнай ў нашай краіне. Але што тычыцца выставы, калі ёсць інфармацыя, што ў рамках гэтай выставы праводзіцца спроба рэабілітацыі альбо гераізацыі нацыстаў і іх памагатых, мы будзем рэагаваць у строга вызначаныя законам тэрміны. Тут пазіцыя ўласніка нас, скажам так, хвалюе. Але мы будзем і далей з імі ўзаемадзейнічаць строга ў заканадаўчым ключы. Калі будуць прыкметы парушэння, а ў нас з гэтым цэнтрам звязаная частка праблем, там, дзе ёсць парушэнні адміністрацыйнага кодэкса, будуць прымяняцца меры рэагавання. Што тычыцца дадзенай падзеі [выстаўкі], то праводзіцца юрыдычная ацэнка", — адказаў Уладзімір Каранік.
Верагодна, Каранік мае на ўвазе выставу мастака Алеся Пушкіна, якая адкрылася на Кірава, 3 у пятніцу 19 сакавіка. Сярод работ ёсць партрэты дзеячаў пасляваеннага антысавецкага падполля, напрыклад Яўгена Жыхара. Ананімныя прапагандысцкія Telegram-каналы, а таксама дзяржаўныя медыя называюць яго нацысцкім злачынцам.
Яўген Жыхар быў настаўнікам з сённяшняга Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну ўступіў у «Саюз беларускай моладзі» (моладзевая арганізацыя, створаная з дазволу акупацыйных уладаў) і «Беларускую незалежніцкую партыю» (падпольная арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай незалежнасць Беларусі). У 1946−55 гадах кіраваў антыкамуністычным партызанскім атрадам, з якім здзейсніў 23 тэракты, 42 рабаванні і 9 нападаў на сельсаветы.
«Гэта чалавек, які з беларускага супраціву. Аналаг тых выклятых жаўнераў у Польшчы. І вам тут вельмі актуальна гэта ведаць, бо ў вас вялікія зараз палітычныя пературбацыі і спрэчкі наконт Саюза палякаў у Беларусі. І таму сёння, на гэтай пляцоўцы, выстаўляю нашага беларускага патрыёта Яўгена Жыхара, які на Глыбоччыне да 1956 года змагаўся з бальшавікамі», — так пра Жыхара на адкрыцці выставы выказаўся Алесь Пушкін.
«Это был совершенно обыкновенный предатель Родины, коллаборационист, переметнувшийся к нацистам», — піша пра Жыхара аўтар «СБ. Беларусь сегодня» Юрый Церах.
«Это, увы, не единственный случай, когда „деятели от культуры“ пытаются, найдя некие лазейки в законодательстве и замаскировав политику под творчество, обелить и даже героизировать пособников нацистов. Поверьте, он будет (как и все остальные!) тщательно изучен и получит принципиальную оценку», — каментуе у той жа публікацыі у «СБ» выставу намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, які курыруе пытанні культуры і ідэалогіі.
За дзень да прыезду АМАПу, 22 сакавіка, на Кірава, 3 прыходзіла актывістка руху «ИнфоСпецНаз» Вольга Бондарава, якая таксама называе выставу Пушкіна нацысцкай. Яна вельмі цікавілася выстаўленымі карцінамі. Таксама двое невядомых заходзілі ў цэнтр у нядзелю, калі там праходзіла закрытае мерапрыемства.
Пра Вольгу Бондараву гродзенцы ўпершыню даведаліся пасля здарэння 31 кастрычніка. У той вечар на Альшанцы Вольга заўважыла, як мужчына ўздымаў з зямлі і развешваў белыя стужкі. Вольга зрабіла яму заўвагу. Мужчына ў адказ «накінуўся на пацярпелую, паваліў яе на зямлю і стаў збіваць», паведамляла пра здарэнне УУС Гродна. Паводле інфармацыі УУС, «збітая жанчына, на шчасце, сур’ёзных траўмаў не атрымала».
«Ужо доўгі час разам з сябрамі і аднадумцамі Вольга Бондарава дапамагае работнікам ЖКГ чысціць горад ад абразлівых надпісаў і незарэгістраванай сімволікі і кажа, што працягне гэта рабіць, таму што лёс роднай краіны ёй не абыякавы», — пісала «Гродзенская праўда» ў рэпартажы ад 3 лістапада.
Пазней Бондарава з’явілася ў справе аб «штрафе за гноміка». Яна паскардзілася ў міліцыю на сваю былую аднакласніцу, у якой у акне кватэры стаяў цацачны гномік з бел-чырвона-белым сцяжком.
Да гэтага да «Цэнтру» былі прэтэнзіі ў сувязі з анансаванай сустрэчай са звольненымі акцёрамі драмтэатра. Тэма сустрэчы — п’еса «Кадиш», якая распавядае пра Халакост. Падзею скасавалі, бо пракуратура папярэдзіла актораў аб магчымасці распачаць супраць іх крымінальную справу паводле арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
Чытайце таксама: На курсах «Мова Нанова» в Волковыске задержали 35 человек, у некоторых сняли отпечатки пальцев
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…
Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма "Пазітыў-тур". Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль…