Новости

На курсах «Мова Нанова» ў Ваўкавыску затрымалі 35 чалавек, у некаторых знялі адбіткі пальцаў

22 сакавіка на занятак бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» ў Ваўкавыску прыйшла міліцыя. У той вечар там павінны былі выступаць музыкі гурта «Крама». Слухачоў і выкладчыкаў забралі ў РАУС, дзе запатрабавалі тлумачэнняў. Пасля гутаркі ўсіх адпусцілі.

«Каб захапіць удзельнікаў курсаў, быў падагнаны цэлы аўтобус і перакрытая вуліца. Тлумачэнне было кароткае: „Паступіў сігнал“», — напісаў в Facebook Глеб Лабадзенка, заснавальнік курсаў.

Усяго ў РАУС забралі каля 35 чалавек. Гэта былі слухачы, у тым ліку пажылыя жанчыны, і выкладчыкі, распавёў Hrodna.life вядоўца і выкладчык курсаў у Ваўкавыску Андрэй Ігнацік. У затрыманні ўдзельнічала каля 15 супрацоўнікаў міліцыі, большасць была ў форме. «Мне здаецца, там было ці не больш за палову ўсяго асабістага складу ваўкавыскай міліцыі», — сказаў Андрэй.

«Мова Нанова» ў Ваўкавыску. Фота ілюстрацыйнае, b24-w62jee.bitrix24site.by

«Падняліся да нас, спыталі, што тут адбываецца. Я паказаў дагавор аб найманні памяшкання, дагавор аб тым, што я бясплатна працую выкладчыкам», — распавёў Андрэй. Усім прысутным сказалі прайсці ў аўтобус і ехаць у РАУС. Начальнік Ваўкавыскага РАУС паведаміў, што вядзецца адміністрацыйны працэс, распавёў Андрэй. Ужо ў аддзяленні яму патлумачылі, што ён не мае нейкага працэсуальнага статусу, бо гэта ўсё ж не адміністрацыйны ці крымінальны працэс.

У якасці госця на занятак прыехаў Ігар Варашкевіч, вакаліст гурта «Крама», і клавішнік Андрэй Лявончык. Міліцыя прыехала як раз перад выступам музыкаў. У гэты час яны ненадоўга выйшлі з памяшкання, і іх не затрымлівалі.

Давалі падпісаць паперы аб «няўдзеле»

У аддзяленні з затрыманымі абыходзіліся ветліва. Слухачам і выкладчыкам далі падпісаць дакумент аб недапушчэнні парушэння арт. 24.23 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). «Хтосьці падпісваў, хтосьці не падпісваў, усіх адпускалі», — распавёў Андрэй.

Як выкладчык ён даў пісьмовае тлумачэнне, што такое курсы «Мова Нанова», распавёў, што яны зарэгістраваныя, перадаў усе дакументы. Супрацоўнікі міліцыі знялі ксеракопіі, удакладнілі нумар пасведчання аб рэгістрацыі. У тлумачэнне са слоў Андрэя дапісалі ўдакладненне, што курсы не маюць дачынення да палітыкі.

У РАУС людзі правялі каля 40 хвілін. У некаторых затрыманых, у тым ліку і ў Андрэя Ігнаціка, знялі адбіткі пальцаў.

Працягнулі занятак, але без музыкі

Пасля вызвалення слухачы і выкладчыкі вярнуліся ў памяшканне, і занятак працягнулася. Праўда, пасля інцыдэнту музыкі выступаць ужо не сталі.

У Ваўкавыску заняткі «Мовы Нановы» пачалі праводзіць два месяцы таму. Гэта быў дзевяты занятак. За гэты час у мясцовай міліцыі не ўзнікала прэтэнзій да курсах. Паўтара месяцы таму супрацоўнікі міліцыі прыходзілі на курсы ў Лідзе. Там нікога не затрымлівалі, але ва ўсіх прысутных перапісалі пашпартныя дадзеныя.


«Мова Нанова» — бясплатныя курсы беларускай мовы. Заснаваныя ў студзені 2014 года ў Мінску філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам. З лістапада 2014 курсы маюць дзяржаўную рэгістрацыю як «Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова».

Акрамя Мінска, курсы дзейнічаюць у 17 гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Гродне. Штотыдзень курсы ў Беларусі наведвае каля 650 студэнтаў. За 6 гадоў праз курсы прайшлі больш за 3500 слухачоў.

Чытайце таксама: «Мова Нанова» запусціла платформу для вывучэння беларускай мовы

Падзяліцца

Апошнія запісы

Беларускіх гідаў абавязалі ведаць асновы ідэалогіі

Гіды і экскурсаводы ў Беларусі цяпер павінны ведаць асновы дзяржаўнай ідэалогіі. Такое патрабаванне з'явілася ў…

14 мая 2025

Святар з Гродна сустрэўся з новым Папам Львом XIV

Айцец Андрэй Крот з Гродна быў у дэлегацыі беларускіх святароў, якая сустрэлася з новым пантыфікам.…

14 мая 2025

На пляжы ў Ласосна ўсталявалі «празрыстую» распранальню

Фатаграфія кабінкі для перапранання на пляжы ў Ласосна патрапіла ў рэдакцыю Hrodna.life. Драўляныя балкі ў…

14 мая 2025

Гродзенку Вольгу Вялічку выключылі з Каардынацыйнай Рады. Яна даведалася пра гэта выпадкова

Псіхолага і дырэктарку ліквідаванага Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольгу Вялічку выключылі са спісу дэлегатаў Каардынацыйнай Рады…

14 мая 2025

Беларус выратаваў бусляня і выклікаў хвалю спрэчак. Ці можна вяртаць птушанят у гняздо?

Мужчына вяртае ў гняздо буслам птушаня, якое выпала, - такое відэа ў апошні тыдзень набірае…

14 мая 2025

У Гродне пройдзе штогадовы гарадскі выпускны — будзе больш за 2,6 тыс. удзельнікаў

Гарадскі выпускны пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы. Запланавана ўрачыстае шэсце і выступленні беларускіх артыстаў.…

13 мая 2025