22 сакавіка на занятак бясплатных курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” ў Ваўкавыску прыйшла міліцыя. У той вечар там павінны былі выступаць музыкі гурта “Крама”. Слухачоў і выкладчыкаў забралі ў РАУС, дзе запатрабавалі тлумачэнняў. Пасля гутаркі ўсіх адпусцілі.

“Каб захапіць удзельнікаў курсаў, быў падагнаны цэлы аўтобус і перакрытая вуліца. Тлумачэнне было кароткае: “Паступіў сігнал””, – напісаў в Facebook Глеб Лабадзенка, заснавальнік курсаў. 

Усяго ў РАУС забралі каля 35 чалавек. Гэта былі слухачы, у тым ліку пажылыя жанчыны, і выкладчыкі, распавёў Hrodna.life вядоўца і выкладчык курсаў у Ваўкавыску Андрэй Ігнацік. У затрыманні ўдзельнічала каля 15 супрацоўнікаў міліцыі, большасць была ў форме. “Мне здаецца, там было ці не больш за палову ўсяго асабістага складу ваўкавыскай міліцыі”, – сказаў Андрэй.

На курсах "Мова Нанова" ў Ваўкавыску затрымалі 35 чалавек, у некаторых знялі адбіткі пальцаў
“Мова Нанова” ў Ваўкавыску. Фота ілюстрацыйнае, b24-w62jee.bitrix24site.by

“Падняліся да нас, спыталі, што тут адбываецца. Я паказаў дагавор аб найманні памяшкання, дагавор аб тым, што я бясплатна працую выкладчыкам”, – распавёў Андрэй. Усім прысутным сказалі прайсці ў аўтобус і ехаць у РАУС. Начальнік Ваўкавыскага РАУС паведаміў, што вядзецца адміністрацыйны працэс, распавёў Андрэй. Ужо ў аддзяленні яму патлумачылі, што ён не мае нейкага працэсуальнага статусу, бо гэта ўсё ж не адміністрацыйны ці крымінальны працэс.

У якасці госця на занятак прыехаў Ігар Варашкевіч, вакаліст гурта “Крама”, і клавішнік Андрэй Лявончык. Міліцыя прыехала як раз перад выступам музыкаў. У гэты час яны ненадоўга выйшлі з памяшкання, і іх не затрымлівалі.

Давалі падпісаць паперы аб “няўдзеле”

У аддзяленні з затрыманымі абыходзіліся ветліва. Слухачам і выкладчыкам далі падпісаць дакумент аб недапушчэнні парушэння арт. 24.23 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). “Хтосьці падпісваў, хтосьці не падпісваў, усіх адпускалі”, – распавёў Андрэй.

Як выкладчык ён даў пісьмовае тлумачэнне, што такое курсы “Мова Нанова”, распавёў, што яны зарэгістраваныя, перадаў усе дакументы. Супрацоўнікі міліцыі знялі ксеракопіі, удакладнілі нумар пасведчання аб рэгістрацыі. У тлумачэнне са слоў Андрэя дапісалі ўдакладненне, што курсы не маюць дачынення да палітыкі.

У РАУС людзі правялі каля 40 хвілін. У некаторых затрыманых, у тым ліку і ў Андрэя Ігнаціка, знялі адбіткі пальцаў.

Працягнулі занятак, але без музыкі

Пасля вызвалення слухачы і выкладчыкі вярнуліся ў памяшканне, і занятак працягнулася. Праўда, пасля інцыдэнту музыкі выступаць ужо не сталі.

У Ваўкавыску заняткі “Мовы Нановы” пачалі праводзіць два месяцы таму. Гэта быў дзевяты занятак. За гэты час у мясцовай міліцыі не ўзнікала прэтэнзій да курсах. Паўтара месяцы таму супрацоўнікі міліцыі прыходзілі на курсы ў Лідзе. Там нікога не затрымлівалі, але ва ўсіх прысутных перапісалі пашпартныя дадзеныя.


“Мова Нанова” – бясплатныя курсы беларускай мовы. Заснаваныя ў студзені 2014 года ў Мінску філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам. З лістапада 2014 курсы маюць дзяржаўную рэгістрацыю як “Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”.

Акрамя Мінска, курсы дзейнічаюць у 17 гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Гродне. Штотыдзень курсы ў Беларусі наведвае каля 650 студэнтаў. За 6 гадоў праз курсы прайшлі больш за 3500 слухачоў.

Чытайце таксама: «Мова Нанова» запусціла платформу для вывучэння беларускай мовы